У Польшчы 15 кастрычніка гэтага года пройдуць парламенцкія выбары. Днямі ў сталіцы краіны Варшаве адбыўся велізарны па маштабах мітынг апазіцыі — паводле розных ацэнак, у ім паўдзельнічала ад некалькіх сотняў тысяч да больш чым мільёна чалавек. Паколькі парламент у Польшчы адыгрывае значна важнейшую ролю, чым у Беларусі, вынікі выбараў наўпрост адбіваюцца на знешняй і ўнутранай палітыцы краіны. Ці азначае мільённы марш у Варшаве тое, што ўлада ў Польшчы зменіцца? Якія палітычныя сілы ўдзельнічаюць у цяперашняй кампаніі, як яны ставяцца да Беларусі — і што абяцае іх магчымая перамога беларусам: як у самой Польшчы, так і ў нашай краіне? Расказваем у нашым падрабязным разборы.
Чаму цяперашнія выбары ў Польшчы вельмі важныя?
У адрозненне ад прэзідэнцкай Беларусі, Польшча — гэта парламенцкая рэспубліка. Гэта значыць, што ўладныя паўнамоцтвы тут размеркаваныя з перавагай на карысць заканадаўчай галіны ўлады — то-бок Нацыянальнага сходу (двухпалатнага парламента, які складаецца з Сейма і Сената). У парламенцкіх рэспубліках урад фармуецца парламентамі — і адказвае ў першую чаргу перад імі. Адпаведна, для Польшчы парламенцкія выбары нават важнейшыя, чым прэзідэнцкія, што для беларусаў можа гучаць дзіўна.
Партыйны палітычны ландшафт Польшчы вельмі разнастайны. У цяперашняй Беларусі пасля масавай ліквідацыі партый па ўказанні Аляксандра Лукашэнкі засталіся ўсяго чатыры такія арганізацыі (прычым усе яны фактычна праўладныя). А ў Польшчы ў палітычнай барацьбе ўдзельнічае больш за 80 партый і рухаў, якія прадстаўляюць самыя розныя групы грамадзян з рознымі поглядамі і інтарэсамі. Крытыкаваць дзейную ўладу за яе прамашкі для большасці з іх — норма.
У цяперашняй перадвыбарнай кампаніі ў Польшчы ёсць дзве галоўныя дзейныя асобы. З аднаго боку, гэта партыя «Права і справядлівасць» (і яе саюзнікі па кіроўнай кааліцыі, усіх разам іх часам называюць «Аб'яднанымі правымі»). З іншага — галоўная апазіцыйная сіла «Грамадзянская кааліцыя», ядром якой стала партыя «Грамадзянская платформа». Значную вагу маюць яшчэ тры кааліцыі адносна невялікіх партый: «Лявіца» (ці проста «Левыя»), «Трэцяя дарога» (і «Польская кааліцыя», якая ў яе ўваходзіць) і «Канфедэрацыя свабода і незалежнасць».
Важна, што амаль напэўна ні адна з дзвюх галоўных палітычных сіл не зможа самастойна атрымаць большасць месцаў у Сейме (а магчыма, і ў Сенаце). А значыць, для фармавання парламенцкай большасці і ўрада ім давядзецца дамаўляцца адна з адной — альбо з кім-небудзь са згаданай вышэй тройцы.
Сцісла раскажам пра кожную з гэтых кааліцый — і пра іх стаўленне да беларускага пытання і да Беларусі. У чэрвені аналіз палітычнай сітуацыі, якая склалася ў Польшчы, зрабіў журналіст выдання MOST Максім Шульц. Яго працу мы ўзялі за аснову падчас падрыхтоўкі гэтай часткі тэксту — дапоўніўшы яе некаторымі актуальнымі абнаўленнямі.
«Права і справядлівасць»
Цяпер гэта кіроўная партыя. Аднайменная фракцыя пад яе кіраўніцтвам кантралюе 228 з 460 месцаў у цяперашнім Сейме і 48 са 100 у Сенаце. 194 дэпутаты фракцыі ў Сейме прадстаўляюць уласна «ПіС». Іх саюзнікі па кіроўнай кааліцыі — Рэспубліканская партыя, «Суверэнная Польшча» і партыя OdNowa RP.
Партыя «ПіС» заснаваная братамі-блізнятамі Качыньскімі ў 2001 годзе. Адзін з іх, Лех, у 2005 годзе стаў прэзідэнтам Польшчы — і ў 2010-м загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам. Другі, Яраслаў Качыньскі, з 2003 года нязменна ўзначальвае партыю — а ў розныя гады быў прэм’ер-міністрам і віцэ-прэм'ерам (гэтую дзяржаўную пасаду ён займае цяпер). Цяперашні прэзідэнт Анджэй Дуда, паўторна абраны ў 2020 годзе, таксама быў сябрам «ПіС» і раней абіраўся ў Сейм і Еўрапарламент ад гэтай партыі.
«Права і справядлівасць» і яе саюзнікаў можна ахарактарызаваць як досыць правыя, кансерватыўныя, умерана нацыяналістычныя, хрысціянска-дэмакратычныя сілы. За «ПіС» часцей галасуюць на ўсходзе краіны — але не ў Варшаве і іншых буйных гарадах. «Ядзерны электарат» гэтай партыі — людзі правых поглядаў, старэйшыя за 55 гадоў.
Адлюстроўваючы погляды сваіх выбаршчыкаў, «ПіС» адстойвае забарону абортаў у Польшчы, выступае супраць эўтаназіі, аднаполых шлюбаў і за ўмацаванне ролі каталіцкага касцёла ў грамадстве, прапагандуе традыцыйную мадэль сям'і. Таксама партыя з’яўляецца прыхільніцай сацыяльнай падтрымкі — асабліва сем’яў з дзецьмі. У эканамічнай сферы яна выступае за прагрэсіўную шкалу падаткаабкладання (то-бок чым больш чалавек зарабляе, тым больш мусіць заплаціць падаткаў), робіць стаўку на сярэдні і малы бізнес — і лічыць, што дзяржава можа валодаць буйнымі прадпрыемствамі. Партыя падтрымлівае сяброўства краіны ў ЕС і NATO, але выступае за большую незалежнасць Польшчы ў гэтых аб’яднаннях.
«Права і справядлівасць» падтрымлівае беларусаў у іх імкненні да свабоды і дэмакратыі. У перыяд знаходжання «ПіС» ва ўладзе Польшча была і застаецца адной з самых прыязных краін для беларусаў, якія пакінулі радзіму па палітычных матывах. Цяперашнія польскія ўлады ў сваёй рыторыцы выразна раздзяляюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі і беларускі народ.
На думку прэзідэнта Анджэя Дуды, беларусы, у адрозненне ад расіян, не атручаныя духам імперыялізму, прыязна ставяцца да Польшчы і палякаў — у той час як Лукашэнка не мае падтрымкі большасці грамадзян і прыйшоў да ўлады ў выніку фальсіфікацый на выбарах. Таксама прэзідэнт, які карыстаецца падтрымкай «ПіС», заклікаў Еўропу ўзмацняць ціск на беларускія ўлады і змагацца за вызваленне палітвязняў. На яго думку, уключэнне свабоднай Беларусі ў еўрапейскую сям’ю мусіць быць стратэгічным прыярытэтам для Савета Еўропы.
14 жніўня 2020 года, у перыяд масавых пратэстаў беларусаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі (таксама прадстаўнік «ПіС») заявіў: «Гэта вельмі і вельмі цяжкі час для Беларусі. Трэба ўспомніць наш агульны лёс, лёс беларускага народа, польскага народа, калі ў XIX стагоддзі абодва народы разам з нашымі літоўскімі братамі змагаліся за свабоду, змагаліся ў паўстаннях 1830 і 1863 гадоў, бо свабода і незалежнасць былі нашай агульнай справай. Нас аб’ядноўвала не толькі геаграфічная, гістарычная і культурная блізкасць, але таксама імкненне да свабоды. А герб „Пагоня“, гістарычны беларускі герб, азначае для сённяшняй Беларусі імкненне змагацца за свабоду, незалежнасць і права на самавызначэнне».
«Грамадзянская кааліцыя»
«Грамадзянская кааліцыя» — гэта галоўны апанент і супернік «ПіС». У Сейме яе прадстаўляюць 125 дэпутатаў, у Сенаце — 43.
Галоўная ў «Грамадзянскай кааліцыі» партыя, «Грамадзянская платформа», з’явілася ў 2001 годзе. Адным з яе заснавальнікаў быў Дональд Туск — прэм’ер-міністр Польшчы ў 2007−2014 гадах і старшыня Еўрапейскага савета з 2014 да 2019 года. Сама «Грамадзянская платформа» з 2007 да 2015 года была кіроўнай партыяй і кантралявала ўрад. Таксама з 2010 да 2015 года прэзідэнтам быў яе прадстаўнік Браніслаў Камароўскі.
«Грамадзянская платформа» першапачаткова была кансерватыўна-ліберальнай партыяй, але паступова хіліцца ва ўсё больш левую вобласць палітычнага спектру. Тым больш што яе саюзнікамі ў блоку з’яўляюцца левацэнтрысцкая «Польская ініцыятыва», ліберальная «Сучасная партыя» і «Зялёныя». За «Грамадзянскую платформу» галасуюць у асноўным на паўднёвым захадзе, захадзе і поўначы Польшчы, а таксама ў Варшаве і іншых вялікіх гарадах на ўсходзе. «Усярэднены» партрэт электарату гэтай партыі — добра адукаваныя нерэлігійныя жыхары буйных гарадоў, якія прытрымліваюцца ліберальных палітычных поглядаў.
«Грамадзянская платформа» выступае за дэцэнтралізацыю сістэмы дзяржаўнага кіравання, прамыя выбары на дзяржаўныя пасады і вырашэнне важных пытанняў на рэферэндумах. Адначасова яна выступае за пераход Польшчы на еўра (цяпер у краіне выкарыстоўваецца свая валюта — злоты), зніжэнне падаходнага падатку і ўнёскаў у сістэму сацыяльнага страхавання для грамадзян — і адначасовае падаткаабкладанне для прадпрыемстваў. Таксама партыя заклікае павялічыць дзяржаўныя выдаткі на ахову здароўя. У знешняй палітыцы «Грамадзянская платформа» ўхваляе сяброўства ў ЕС і NATO, а таксама цеснае (у тым ліку вайсковае) супрацоўніцтва з ЗША.
Разам з тым «Грамадзянская платформа» паслядоўна выступае за дэмакратыю ў Беларусі. Ужо 9 жніўня 2020 года ў сацсетках партыі з’явіліся пасты салідарнасці з прыхільнікамі сумленных выбараў у нашай краіне: «На нашых вачах у Беларусі ствараецца новы вялікі грамадскі рух. Польшча павінная быць прадстаўніцай яго барацьбы за поўныя грамадзянскія правы. Беларусы маюць права на дэмакратычныя перамены і на тое, каб свабодна выбіраць свае ўлады».
Лідар партыі Дональд Туск ужо 10 жніўня 2020 года выказаў упэўненасць у тым, што беларусы за дзень да гэтага прагаласавалі за дэмакратыю і свабоду — і супраць дыктатуры. У гэты ж дзень ён заклікаў Лукашэнку апублікаваць рэальныя вынікі галасавання, спыніць гвалт і вызваліць арыштаваных пратэстоўцаў. Таксама з самага пачатку беларускага палітычнага крызісу Туск з’яўляецца прыхільнікам аказання дапамогі беларускім дэмакратычным сілам — а ў кастрычніку 2020 года прапанаваў намінаваць Святлану і Сяргея Ціханоўскіх на Нобелеўскую прэмію міру.
Падчас сваіх візітаў у Польшчу Святлана Ціханоўская нярэдка сустракаецца з палітыкамі «Грамадзянскай платформы» — напрыклад, мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім. У 2021 годзе гэта нават прывяло да крытыкі з боку прадстаўнікоў «Права і справядлівасці» — віцэ-спікер Сейма Рышард Тэрлецкі, які адначасова ўзначальваў фракцыю «ПіС» у парламенце, прапанаваў ёй пашукаць дапамогі ў Маскве.
«Лявіца»
Гэтая кааліцыя аб’ядноўвае ў польскім парламенце дзве сацыял-дэмакратычныя партыі, якія займаюць 44 крэслы ў Сейме і два — у Сенаце.
Буйнейшая з іх, партыя «Новыя левыя» (Nowa Lewica), з’явілася ў 2021 годзе пасля зліцця партый «Вясна» і Саюза дэмакратычных левых сіл. «Саюз» жа з’явіўся яшчэ ў 1991 годзе на аскепках Польскай аб’яднанай рабочай партыі — той самай, якая была кіроўнай у сацыялістычнай Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1995−2005 гадах прэзідэнтам Польшчы быў лідар Саюза дэмакратычных левых сіл Аляксандр Квасьнеўскі. Другая партыя «Лявіцы» — «Левыя разам», у якую аб’ядналіся розныя невялікія сацыяльна-дэмакратычныя сілы ў 2015 годзе.
Нягледзячы на паходжанне, цяперашняя «Левіца» — гэта традыцыйная еўрапейская сацыял-дэмакратычная палітычная сіла, якая выступае за сяброўства ў ЕС і ў NATO, абараняе правы працоўных, жанчын, ЛГБТ-людзей, выступае за аддзяленне царквы ад дзяржавы і за ахову навакольнага асяроддзя.
Як і ў «Грамадзянскай кааліцыі», пазіцыі «Лявіцы» мацнейшыя ў заходніх і паўночных рэгіёнах краіны, а таксама ў буйных гарадах. Яна карыстаецца падтрымкай сярод моладзі. Але прыкметны ачаг падтрымкі ёсць у сацыял-дэмакратаў і на ўсходзе Польшчы — а менавіта на поўдні Падляшскага ваяводства, у рэгіёне традыцыйнага кампактнага пражывання беларускай этнічнай меншасці. Магчыма, у тым ліку і таму польскія левыя актыўна цікавяцца беларускімі справамі. 9 жніўня 2022 года яны так каментавалі падзеі ў Беларусі двухгадовай даўніны: «Два гады таму беларускі і беларусы паказалі ўсёй Еўропе, як выглядае барацьба за свабоду і дэмакратыю. Верым, што яшчэ прыйдзе дзень, калі яны змогуць жыць у краіне, пра якую мараць».
Ад «Новых левых» у Падляшскім ваяводстве на выбары ідзе беларуская актывістка Яна Шостак. Дзяўчына 13 гадоў жыве ў Польшчы, але пры гэтым застаецца заангажаванай ва ўнутрыбеларускія справы і прыцягвае ўвагу еўрапейскіх і польскіх палітыкаў да праблем нашай краіны — у тым ліку да лёсу палітвязняў. Першапачаткова Яна планавала балатавацца ў Сейм ад «Грамадзянскай кааліцыі», але разышлася ў меркаваннях з яе кіраўніцтвам у пытанні наконт права жанчын на аборт, якое беларуска падтрымлівае («Грамадзянская кааліцыя» ідзе на выбары з пазіцыяй, што аборты могуць быць дазволеныя, але толькі на тэрміне да 12-га тыдня).
«Польская кааліцыя «і «Трэцяя дарога»
«Польская кааліцыя» ўтварылася ў 2019 годзе вакол Польскай сялянскай партыі (Polskie Stronnictwo Ludowe, PSL, часам перакладаецца як Польская народная партыя). Гэтая цэнтрысцкая партыя з багатымі традыцыямі адлічвае сваю гісторыю з 1895 года — а адноўленая была ў 1990 годзе. Цяпер «Польская кааліцыя» займае ў Сейме 24 месцы (у Сенаце — чатыры).
У 1993 годзе Польская сялянская партыя набрала найлепшыя ў сваёй гісторыі 15% галасоў выбаршчыкаў, дзякуючы чаму прэм’ер-міністрам з 1993 да 1995 года быў яе прадстаўнік Вальдэмар Паўляк.
Цяпер гэта цэнтрысцкая партыя, якая прадстаўляе інтарэсы польскіх земляробаў. Яна выступае за падтрымку фермераў і за сацыяльныя гарантыі ўсім рабочым. Акрамя яе ў «Польскую кааліцыю» ўваходзяць ліберальна-кансерватыўны і хрысціянска-дэмакратычны «Цэнтр для Польшчы», а таксама «Унія еўрапейскіх дэмакратаў».
У беларускім пытанні «Польская кааліцыя» падтрымлівае імкненне беларусаў да дэмакратыі і лічыць памылкай тое, што польскія ўлады дапусцілі залежнасць Беларусі ад Расіі. У жніўні 2020 года сакратар Польскай сялянскай партыі Пётр Згажэльскі адзначаў: «Бачым, што беларускае грамадства імкнецца да свабоды. Беларусы выбіраюць бок дэмакратыі і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Польшча павінная падтрымліваць іх памкненні і быць іх прадстаўніцай у Еўрапейскім саюзе».
На цяперашніх выбарах «Польская кааліцыя» аб’ядналася з цэнтрысцкай партыяй «Польшча-2050» (Polska-2050) у кааліцыю «Трэцяя дарога» (Trzecia Droga). Гэта партыя былога шоумена і кандыдата ў прэзідэнты Польшчы на выбарах 2020 года Шымана Галоўні. Апошні яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне запісваў да беларусаў відэазварот. «Свабода, годнасць і павага да правоў чалавека аднолькава важныя для нас. Мы падтрымліваем вас. Мы падтрымліваем справу, за якую вы змагаецеся. Жыве Беларусь!» — сказаў тады ён.
«Канфедэрацыя свабода і незалежнасць»
Гэтая крайне правая кааліцыя, якая з’явілася ў 2018 годзе, аб’ядноўвае даволі экзатычныя па польскіх мерках палітычныя сілы — радыкальных нацыяналістаў, манархістаў, еўраскептыкаў. Цяпер у «Канфедэрацыі» дзевяць месцаў у Сейме і ніводнага ў Сенаце.
Нацыяналісты «Канфедэрацыі» выступаюць супраць аднаполых шлюбаў і за «традыцыйныя каштоўнасці». Яны выступаюць за выхад з ЕС, Шэнгенскай зоны і NATO. Іх дастаткова папулісцкая праграма ўключае скасаванне падаходнага падатку і добраахвотныя ўнёскі ў сістэму сацыяльнага страхавання, поўную забарону на аборты, вяртанне смяротнага пакарання, абмежаванне міграцыі з нееўрапейскіх краін, спрашчэнне правілаў валодання зброяй. Ахвотна галасуе за «Канфедэрацыю» частка польскай моладзі — асабліва некваліфікаваныя работнікі да 34 гадоў і студэнты. Фармальна «Канфедэрацыя» сканцэнтраваная на абароне польскіх інтарэсаў, але часта яе называюць прарасійскай — тым больш што чальцы кааліцыі нярэдка станоўча выказваюцца на адрас Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.
Самая буйная з партый гэтай кааліцыі — Нацыянальны рух (Ruch Narodowy), які кантралюе пяць месцаў у Сейме. Ён з’явіўся ў 2012 годзе і адзначыўся такімі фармулёўкамі ў сваёй праграме, як «Еўропа айчынаў замест еўракалгаса» і «Стоп прапагандзе педэрастаў і гендарнай ідэалогіі». Для прыцягнення выбаршчыкаў Нацыянальны рух актыўна выкарыстоўвае сацсеткі.
Тры месцы ў Сейме — у партыі «Новая надзея» (Nowa Nadzieja), якая ўтварылася вакол заўзятага нацыяналіста Януша Корвіна-Міке. Гэты палітык вядомы падтрымкай расійскай агрэсіі супраць Украіны, а яшчэ да пачатку ўварвання заяўляў, што быў бы шчаслівы, калі б такі чалавек, як Пуцін, быў прэзідэнтам Польшчы. Такое пакланенне перад Пуціным не перашкаджае Корвіну-Міке ідэалізаваць і Лукашэнку, які, на яго думку, нібыта дзесяцігоддзямі «абараняўся перад Расіяй».
Яшчэ адно месца ў Сейме ёсць у манархістаў Канфедэрацыі Кароны Польскай (Konfederacja Korony Polskiej). Лідар гэтай кансерватыўнай партыі Гжэгаж Браўн вядомы як ініцыятар кампаніі «Стоп украінізацыі Польшчы». Браўн бываў у Маскве, дзе сустракаўся з супрацоўнікам расійскай Службы замежнай разведкі Леанідам Свірыдавым.
У жніўні 2020 года лідар «Канфедэрацыі» Славамір Менцэн ужо праз некалькі дзён пасля выбараў заявіў, што «беларуская апазіцыя не мае ніякіх шанцаў». У адрозненне ад астатніх галоўных палітычных сілаў Польшчы, у нацыяналістычнай «Канфедэрацыі» ніхто адкрыта не кажа пра неабходнасць падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі.
Перадвыбарная сітуацыя
Пасля парламенцкіх выбараў, якія пройдуць ужо на наступным тыдні — 15 кастрычніка, — палітычная сітуацыя ў Польшчы можа прыкметна змяніцца. Свежае апытанне грамадскай думкі (праводзілася з 30 верасня па 1 кастрычніка кампаніяй United Surveys для партала Wirtualna Polska) паказала, што дзве галоўныя палітычныя сілы Польшчы працягваюць страчваць балы. «Права і справядлівасць» цяпер падтрымлівае 32,3% польскіх выбаршчыкаў (мінус 1,5% у параўнанні з апытаннем тыднёвай даўніны). «Грамадзянскую кааліцыю» падтрымлівае 26,4% выбаршчыкаў (мінус 1,7%).
Затое ў параўнанні з вынікамі мінулых выбараў прыкметна ўзмацнілася падтрымка дзвюх з трох палітычных кааліцый «другой лігі». Цэнтрысцкую «Трэцюю дарогу» («Польская кааліцыя» плюс «Польшча 2050») цяпер падтрымлівае 12,1% выбаршчыкаў, крайне правую «Канфедэрацыю» — 9%, а сацыял-дэмакратаў з «Новых левых» — 8%. Яшчэ 4% рэспандэнтаў выбралі беспартыйных кандыдатаў, а 8,5% пакуль не вызначылася з выбарам.
Калі б парламенцкія выбары ў Польшчы прайшлі ў мінулыя выходныя, месцы ў Сейме маглі б размеркавацца такім чынам:
- «Права і справядлівасць» — 186 дэпутатаў (цяпер 228);
- «Грамадзянская кааліцыя» — 148 дэпутатаў (цяпер 125);
- «Трэцяя дарога» — 57 дэпутатаў (у «Польскай кааліцыі» ў Сейме цяпер 24);
- «Канфедэрацыя» — 37 (цяпер 9);
- «Новыя левыя» — 31 (цяпер 44).
Найбольш імаверным саюзнікам умерана правых «Права і справядлівасці» для стварэння кааліцыі большасці ў польскіх СМІ называюць ультраправую «Канфедэрацыю». Але нават у саюзе з ёю «ПіС» збірае ў такой канфігурацыі ўсяго 223 месцы з 460 — то-бок недастаткова для фармавання парламенцкай большасці. Затое яе тэарэтычна могуць сфармаваць «Грамадзянская кааліцыя», «Трэцяя дарога» і «Новыя левыя», якія ў сукупнасці атрымалі б 237 месцаў. Калі такі сцэнар будзе рэалізаваны, то цяперашняя кіроўная партыя ў Польшчы акажацца ў апазіцыі — хоць і будзе мець самую вялікую фракцыю. А ўрад будзе фармаваць «Грамадзянская кааліцыя» са сваімі левымі і цэнтрысцкімі саюзнікамі.
Варта адзначыць, што апошняе апытанне праводзілася да дзвюх важных падзей, якія маглі зрабіць прыкметны ўплыў на размеркаванне галасоў выбаршчыкаў.
Першая — той самы апазіцыйны «Марш мільёна сэрцаў» у Варшаве, на які ў мінулую нядзелю выйшла, паводле розных ацэнак, ад 600 тысяч да 1 мільёна і больш чалавек. Лідар «Грамадзянскай платформы» Дональд Туск назваў маніфестацыю пад бела-чырвонымі польскімі і сіне-жоўтымі еўрапейскімі сцягамі «самым вялікім палітычным сходам у свеце». І паабяцаў спыненне «польска-польскай вайны» — канфлікту паміж галоўнымі палітычнымі сіламі краіны — адразу пасля выбараў.
Другая падзея — мабілізавальны партыйны з’езд, які адбыўся ў той жа дзень і які «Права і справядлівасць» правяла ў Катавіцэ — цэнтры самай населенай польскай агламерацыі, размешчанай на поўдні краіны.
А што за рэферэндум?
Асаблівасцю сёлетніх выбараў у Польшчы стане рэферэндум, які пройдзе адначасова з імі. На яго вынесеныя чатыры пытанні, два з якіх маюць непасрэднае дачыненне да Беларусі: пра неабходнасць сцяны на мяжы з нашай краінай і пра парадак перасялення мігрантаў (якія трапляюць у Польшчу ў тым ліку праз Беларусь у выніку справакаванага беларускімі ўладамі міграцыйнага крызісу).
Іншыя два пытанні, прапанаваныя для галасавання на рэферэндуме, — пра пенсійны ўзрост і пра продаж дзяржаўных актываў замежным структурам.
Правядзенне ініцыяванага «Правам і справядлівасцю» рэферэндуму выклікала рэзкую крытыку з боку апазіцыі і часткі грамадзянскай супольнасці. Яны абвінавачваюць кіроўную партыю ў правядзенні ўласнай агітацыі з дапамогай плебісцыту і ў спробе паўплываць на рашэнне выбаршчыкаў у дзень выбараў. Бо пытанні, вынесеныя на ўсенароднае галасаванне, адпавядаюць асноўным палажэнням перадвыбарнай праграмы кіроўнай партыі. Акрамя таго, праграма па правядзенні рэферэндуму можа быць аплачаная з дзяржаўных сродкаў — у той час як у перадвыбарнай барацьбе партыі абапіраюцца на ўласныя бюджэты.
Са свайго боку прадстаўнікі «Права і справядлівасці» сцвярджаюць, што рэферэндум неабходны і што ён умацоўвае дэмакратыю ў Польшчы. Прапанаваныя грамадзянам пытанні яны называюць вельмі важнымі і прынцыповымі, бо яны ўплываюць на вайсковую і эканамічную бяспеку краіны.
Як адаб’юцца вынікі выбараў у суседняй краіне на яе палітыцы ў дачыненні да беларусаў і Беларусі?
Наўрад ці асабліва моцна. І вось чаму.
Чатыры з пяці ключавых удзельнікаў польскага выбарчага працэсу на выбарах 2023 года, нягледзячы на істотныя адрозненні ў сваіх праграмах і ўстаноўках, прытрымліваюцца вельмі падобных пазіцый у беларускім пытанні. І кіроўная «Права і справядлівасць», і апазіцыйныя «Грамадзянская кааліцыя», «Новыя левыя» і «Трэцяя дарога» выступаюць за дэмакратычную будучыню Беларусі і за падтрымку беларусаў у іх барацьбе за свабоду і дэмакратыю.
Тэарэтычна змяніць сітуацыю маглі б радыкальныя нацыяналісты з «Канфедэрацыі», лідары якіх кампліментарна адклікаюцца пра Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна. Калі «Права і справядлівасць» для фармавання парламенцкай большасці пойдзе на стварэнне кааліцыі з гэтай палітычнай сілай, ультраправыя атрымаюць пэўны рычаг ціску і могуць паспрабаваць паўплываць з яго дапамогай на стаўленне польскай дзяржавы да беларускага пытання.
Зрэшты, і ў такой канфігурацыі яны застануцца малодшымі партнёрамі ў магчымым партыйным блоку. І наўрад ці іх уплыву будзе дастаткова, каб радыкальна памяняць польскі падыход да палітыкі ў дачыненні да беларусаў і афіцыйнага Мінска.
Хутчэй за ўсё, вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы асабліва не паўплываюць на знешнюю палітыку гэтай краіны ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і ўнутраную — у дачыненні да беларускіх эмігрантаў.
Такое меркаванне ў інтэрв'ю «Люстэрку» нядаўна выказваў і экс-амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. «У Польшчы існуе даўні кансэнсус і разуменне ў дачыненні да беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду. І ўрад, і асноўныя апазіцыйныя сілы прытрымліваюцца адной і той жа пазіцыі: Польшча мае патрэбу ў вольнай, дэмакратычнай, незалежнай беларускай дзяржаве. Абавязак Польшчы як суседняй краіны заключаецца таксама ў тым, каб дапамагчы беларусам, якія былі вымушаныя эміграваць», — заявіў ён.
Чытайце таксама