«Гатовы паўтарыць гэта на любым судзе і распальваць гэтую нянавісць на любых кірмашах», — так адрэагаваў вядоўца СТБ Рыгор Азаронак на абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варожасці. Заяву з просьбай прыцягнуць прапагандыста да адказнасці ў Следчы камітэт адправіў гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Мы паглядзелі, за якія словы, што гучаць з вуснаў супрацоўніка СТБ, у Беларусі судзілі. А таксама спыталі ў юрыста, што пагражала б Азаронку, калі б у нашай краіне працавалі законы.
Што адбылося?
Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў у канцы студзеня адправіў у Следчы камітэт заяву з просьбай распачаць крымінальную справу ў дачыненні да прапагандыста тэлеканала СТБ Рыгора Азаронка.
Нагодай стала відэа з назвай «Азаронак: крок насустрач тым, хто хоча вярнуцца, — гэта сталінскі крок, гэта наймагутнейшая воля Лукашэнкі». На думку Іллі Міронава, Азаронак учыніў дзеянні, «скіраваныя на распальванне нянавісці, варожасці, а таксама зняважыў гонар і годнасць групы людзей па прыкметах прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы». З СК ягоную заяву перанакіравалі ў МУС.
Таксама Міронаў паскардзіўся на іншага вядомага прапагандыста — аўтара" СБ. Беларусь сегодня" Андрэя Мукавозчыка. Адказаў Міронаву пакуль што толькі Рыгор Азаронак.
— Так, я адчуваю вострую непрыязнасць, якая пераходзіць у нянавісць, пагарду і агіду да сацыяльнай групы, якую можна акрэсліць як «змагары, бэчэбанутыя, лібералы, падзаходнікі, здраднікі, ублюдкі, быдла, мразі, зблёў беларускага народа, кончаныя подлыя пачвары». Гатовы паўтарыць гэта на любым судзе. І распальваць гэтую нянавісць на ўсіх кірмашах, — напісаў Азаронак.
Азаронку можна, а іншым беларусам — не
Прапагандыст гадамі абражае апанентаў рэжыму Лукашэнкі. І пакуль не нясе за гэта ніякай адказнасці. Мы сабралі некалькі прыкладаў, калі за выкарыстанне дакладна такіх жа словаў звычайных беларусаў судзілі і давалі ім тэрміны.
Так, маладзечанец Сяргей Валкоўскі назваў «ублюдкам» бабруйскага міліцыянера Андрэя Комара ў каментарах пад яго фота ў «Аднакласніках». Яго прызналі вінаватым па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). За гэта ў 2021 годзе Валкоўскаму далі 1,5 года «хатняй хіміі» і абавязалі выплаціць 1000 рублёў на карысць пацярпелага.
Два гады «хатняй хіміі» атрымала жыхарка Пружанаў Людміла Карасоўская ў 2021 годзе за слова «быдла» («скот») па ўсё тым жа арт. 369 КК. Менавіта гэтае слова Карасоўская напісала ў каментары пад фота ўчастковага Дзмітрыя Казаранкі ў «Аднакласніках». Жыхарка Пружанаў выплаціла ўчастковаму таксама 300 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
Мінчанка Святлана Трапкова ў 2022 годзе напісала ў «Аднакласніках» слова «мразі» пад фатаграфіямі ўчастковых інспектараў па справах няпоўнагадовых з Пружанаў Дзмітрыя Таразевіча і Сяргея Каляды. Суд прызнаў Святлану вінаватай па арт. 369 КК і асудзіў на два гады «хатняй хіміі». Таксама жанчына выплаціла ўчастковым па 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
За слова «пачвара» («тварь») жыхар Бярозы Віталь Талсцяк атрымаў 1,5 года «хатняй хіміі» па арт. 369. Мужчына напісаў каментар з гэтым словам пад фота супрацоўніка Баранавіцкага РАУС Сяргея Каўша.
А яшчэ раней, у 2020 годзе, за гэтае ж слова ў тэлеграм-канале «Банда Лукі» 1,5 года «хіміі» далі віцябляніну Ягору Карапузаву. Артыкул той жа, што і ў астатніх выпадках. Тады пацярпелым быў супрацоўнік Чыгуначнага РАУС Віцебска Андрэй Зуеў.
За слова «фашыст», якое таксама любіць выкарыстоўваць Рыгор Азаронак, мінчанку Ірыну Сташкевіч у 2021 годзе асудзілі на 1,5 года «хатняй хіміі». Каментар, які складаецца з аднаго толькі гэтага слова, Сташкевіч пакінула ў адным з тэлеграм-каналаў пад фота супрацоўніка Маладзечанскага РАУС Яўгена Калясня.
Акрамя абразы беларусаў часта прызнавалі вінаватымі і ў распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК), у якой прызнаецца Азаронак. З 2020-га крымінальныя справы заводзілі ў асноўным за крытычныя выказванні ў адрас сілавікоў і чыноўнікаў.
Так, артыкул 130 фігураваў у палітычна матываваным абвінавачанні палітолага Валерыі Касцюговай і яе калегі Таццяны Кузінай. Яны атрымалі па 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Што кажа юрыст?
Мы папрасілі юрыста на ўмовах ананімнасці (яго звесткі ёсць у рэдакцыі) пракаментаваць словы Азаронка і яго публічнае прызнанне ў распальванні нянавісці.
— Ягоныя выказванні ў эфіры і каментары, якія пайшлі за імі, мусяць кваліфікавацца як склад злачынства, прадугледжаны арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці), — упэўнены юрыст. — Улічваючы, што перадачы на дзяржаўным тэлебачанні наўрад ці рыхтуюцца ў адзіночку — ёсць шэраг іншых датычных супрацоўнікаў, — то такія дзеянні варта разглядаць як учыненыя групай асоб. Адпаведна, гэта ўжо больш цяжкая ч. 3 арт. 130 КК РБ, якая прадугледжвае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Наш суразмоўца дадае, што такія дзеянні могуць разглядацца і як тыя, што «пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы», калі ў выніку расследавання будуць выяўленыя адпаведныя факты. Напрыклад, калі даказаць, што ёсць сувязь паміж выказваннямі Азаронка і рэпрэсіямі, гвалтам, звальненнямі беларусаў.
— У цяперашняй парадыгме «не да законаў» на завядзенне крымінальнай справы і яе належнае расследаванне разлічваць не варта. Нягледзячы на тое, што і ў Следчага камітэта, і ў пракуратуры ёсць адпаведны абавязак, ён наўрад ці будзе выкананы да аднаўлення ў Беларусі прынцыпу верхавенства права, — дадае юрыст.
Чытайце таксама


