Шэсць гадоў таму, калі Кацярына вучылася ва ўніверсітэце, на восеньскіх вакацыях яны з сяброўкай вырашылі з’ездзіць у Прагу. Грошай на паездку асабліва не было, таму спыніцца дзяўчаты планавалі ў хостэле. Там было нядорага і не «максімальна крынжова». Паглядзець новую краіну хацелася значна мацней, чым пажыць у камфортных умовах. Такі прынцып выбірае нямала турыстаў. «Люстэрка» пагаварыла з беларусамі пра падарожжы, калі яны мінімальна патраціліся на дах над галавой.
«А ў нас няма душа»
Цяпер Кацярыне 26, а тады было каля 20. Жыллё ў Празе яны з сяброўкай шукалі праз сэрвіс анлайн-браніравання. У перапісцы адзначалі, што хочуць ложкі ў адным пакоі. Былі ўпэўненыя: іх пажаданне ўлічылі.
У сталіцу Чэхіі сяброўкі прыехалі бліжэй да вечара. На патрэбны адрас прыйшлі каля дзесяці.
— Дзверы ў доме, дзе знаходзіўся наш хостэл, былі заблакаваныя, то-бок мясцовыя жыхары маглі заходзіць, а нас не прапускала. Побач стаяў аўтамат з тэрміналам, падобны да банкамата. Аказалася, у гэтай штуцы трэба зарэгістравацца. Увялі свае звесткі, сістэма нас знайшла, выдала карткі-ключы — і тут мы зразумелі, што спаць будзем у розных памяшканнях. Ну і ладна, — апісваючы тыя падзеі, уздыхае дзяўчына. — Сяброўка ідзе ў свой пакой і літаральна праз пару хвілін звяртаецца да мяне: «Божа, там восем мужыкоў! Ніхто не размаўляе па-англійску. Мне страшна».
Дзяўчат сярод суседак не было, адміністрацыі хостэла на працоўным месцы — таксама. Калі сяброўкі да іх датэлефанаваліся, то пачулі, што сёння да іх ужо ніхто не паедзе. І просьбу пачакаць да заўтра.
— У пакоі, куды засялілі мяне, стаялі чатыры двух’ярусныя ложкі, і ён была амаль пусты — толькі я і хлопец-украінец, — працягвае Кацярына. — Прапаноўвала сяброўцы: «Пераходзь да нас, паспім удзвюх на маім ложку». Яна адмовілася, перажывала, раптам сярод ночы хтосьці прыйдзе засяляцца. Не хацела нікому перашкаджаць. Яна вельмі нервавалася.
Да дзесяці раніцы з’явілася адміністрацыя. Сяброўку перасялілі да Кацярыны, але ні прабачэнняў, ні «плюшак» дзяўчаты не атрымалі.
— У астатнім там было нармальна. Хіба што душ у падвале, але, калі згаджаешся на хостэл, разумееш, на што ідзеш, — адзначае турыстка. — Ды і каштаваў ён слёзы. Даляраў дзесяць за ноч ці нават менш.
Але гэта не самае таннае жыллё, у якім жыла Кацярына. Больш бюджэтны варыянт быў у яе ў Беларусі каля двух гадоў таму. Тады, стаміўшыся летам ад Мінска, дзяўчына рванула ў Браслаў глядзець на Персеіды (метэорны паток, які штогод з’яўляецца ў жніўні з боку сузор’я Персея. — Заўв. рэд.). На месцы зразумела, што грошай на начлег у гэтым горадзе ў яе няма. Усё ж такі лета, сезон — цэны там адпаведныя. Выйсце з сітуацыі прыдумала на хаду: недалёка ж Мёры, там дакладна будзе танней, таму скіравалася туды. Седзячы ў аўтобусе, нагугліла гатэль.
— Колькі ні спрабавала да іх датэлефанавацца, яны не бралі слухаўку (пазней высветлілася, што ў іх змяніўся тэлефон), у выніку я проста да іх прыйшла. Візуальна гэта быў стары будынак, 1940−1950-х гадоў, з высачэзнымі столямі, — успамінае дзяўчына. — Мяне прывялі ў нумар на аднаго, каштаваў ён рублёў 20. Гэта быў «пенальчык» шырынёй метры тры. Там былі канапа, засланая пледам (у мяне ў бабулі такая), крэсла і вузенькі ложак. Але маё сэрца скарыла ляпніна, дзеля яе я была гатовая змірыцца з усім.
Назаўтра турыстка пайшла на экскурсію на балота Ельня. Вярнуўшыся, была мокрая, потная і вельмі хацела ў душ. Падышла да жанчыны на рэсэпшэне, сказала, што прыбіральню на паверсе знайшла, а дзе ж душ? У адказ пачула: «А ў нас няма душа».
— Я разгубілася: «А што мне рабіць?» Супрацоўніца прапанавала скарыстацца ракавінай у прыбіральні, — расказвае дзяўчына. — Пакуль мылася, у прыбіральню зайшоў нейкі мужык. Я папрасіла яго сысці, ён парагатаў і выйшаў. Няёмка атрымалася (смяецца).
Дарэчы, з досведу Кацярыны, сюрпрызы могуць чакаць падчас падарожжа і ў нятанным жыллі. Сёлета яны з хлопцам выправіліся ў еўратур.
— Калі выбіралі жыллё ў Празе, я на Booking.com паставіла фільтр ад дзевяці балаў і вышэй, хацелася па-багатаму, — смяецца суразмоўніца. — Жыллё, на якім мы спыніліся, было заяўленае як сэт апартаментаў, то-бок адзін уладальнік, і ў яго там некалькі пакояў. Нумары «стандарт», «люкс» і гэтак далей. Па-мойму, наш лічыўся «палепшаным стандартам» і каштаваў каля соткі даляраў за суткі. Водгукі пра яго — проста космас. Кшталту «найлепшае жыллё ў Празе», «найлепшыя суадносіны цана-якасць». На фота ўсё таксама выглядала вельмі прыкольна: аркі як у старых келлях. Падумала: цікава зрабілі. Карацей, трэба ехаць.
Прыехаўшы, Кацярына з хлопцам пайшлі на пазначаны адрас. Адчынілі дзверы ў доме і ўбачылі лесвіцу, якая ішла ўніз — ім трэба было туды. Маладыя людзі спусціліся на цокальны паверх.
— Заходзім у пакой, і я разумею, што там няма вокнаў. Мы цалкам пад зямлёй, — адзначае суразмоўніца.
Кажа, што ўсё астатняе было нармальна: цікавы сучасны рамонт, добры інтэрнэт, тэлевізар, агульная кухня на некалькі пакояў, міні-працоўныя зоны.
— Адсутнасць вокнаў — няпросты псіхалагічны момант, нібы ты ў скрынцы сядзіш. Думаеш: божа, а калі нешта здарыцца?! — цяпер ужо жартуе з гэтай сітуацыі суразмоўніца. — Плюс у мяне было адчуванне волкасці, але, магчыма, я сябе накручвала. Маўляў, раз мы ў падвале, значыць, мусіць быць пах волкасці. Хлопец гэтага не адчуваў. Яшчэ з вясёлага: побач праходзіў трамвай, і ў гэтыя моманты сцены ў нас трэсліся.
«Хацела адпачыць, але не магла, бо ў маёй суседкі вечарына з прусакамі ў галаве»

У 27-гадовай Алісы (імя змененае) гісторыя таннага жылля падчас адпачынку звязаная з хостэлам. У паездках па Еўропе дзяўчына часта там спыняецца. Асабліва ў краінах, дзе арэнда каштуе дорага. Гэтай вясной яна вырашыла з’ездзіць у Румынію, паглядзець на замак Бран, які яшчэ называюць замкам Дракулы, і іншыя славутасці.
— Румынія — досыць танная краіна, таму, калі глядзела там нармальныя гатэлі, заўважала: каштуюць яны няшмат. Выбрала адзін з іх. Там у мяне мусіў быць асобны пакой і сняданкі, адзінае — лазенка, здаецца, на калідоры, але нічога страшнага, — успамінае суразмоўніца. — Літаральна за тры дні да вылету мне напісалі з гатэля: «Прабачце, у нас няма месца, выйшла памылка. Калі ласка, адмоўцеся ад рэгістрацыі». І гэта пры тым, што пакой я браніравала за некалькі месяцаў. Думаю: блін. Пачала тэрмінова нешта шукаць. Варыянтаў цяпер было значна менш: у асноўным альбо вельмі кепскія, альбо за ўсе грошы свету.
І ўсё ж Аліса здолела знайсці кампрамісную прапанову. Арэнда каштавала каля дзевяці еўра за ноч, гэта са сняданкамі. Праз тое, што «квадраты» браніравала «на паніцы», адразу ўважліва не паглядзела, што яе чакае. Заўважыла толькі, што паміж ложкамі няма шторак, якія звычайна ствараюць хоць нейкую прыватнасць падчас такіх начлегаў, глянула водгукі, яны былі нядрэнныя. Разлічвала, што ў адным памяшканні з ёю будзе чалавекі тры-чатыры. Потым, калі спакойна перагледзела фота, зразумела, што памылілася, і чакала шэсць-восем суседзяў.
— Прыязджаю. Дом, дзе быў хостэл, мне спадабаўся. Ён амаль у цэнтры. З аэрапорта туды зручна дабірацца на аўтобусе, побач вялікі супермаркет, то-бок раён нармальны, — дзеліцца першымі ўражаннямі беларуска. — Заходжу ў пакой і бачу, што там ложкі, ложкі, ложкі. Проста куча двухпавярховых ложкаў. На падлозе раскладзеныя рэчы. Пасярэдзіне — шафа, дзе для кожнага наведніка маленькая шафка — і ўсё. І я такая: «Oh, my God» («О, мой Бог». — Заўв. рэд.). Увечары палічыла, што ў пакоі 14 ложкаў.
Амаль усе ложкі былі занятыя. У асноўным суседзі трапіліся спакойныя і адно аднаму не перашкаджалі. Выключэннем была адна дзяўчына. Яна магла размаўляць сама з сабой, танцаваць, слухаць гучную музыку. Калі ёй рабілі заўвагу, супакойвалася, але потым зноў бралася за сваё. Ноччу яна любіла выйсці з пакоя і забыць зачыніць дзверы, таму падчас сну ўсе каштоўныя рэчы Аліса клала пад падушку.
— Акно ў пакоі было нечым забітае, нейкай тканінай, таму там заўсёды было цёмна, — успамінае суразмоўніца. — Нягледзячы на тое, што людзей было шмат, чаргі ў душ ці прыбіральню я там не бачыла ніколі. Пытанні ўзнікалі толькі да чысціні памяшканняў, бо вечарам яны ператвараліся ў незразумела што. Ранкам я выязджала на экскурсіі, людзі, якія прыбіралі хостэл, прыходзілі пазней, таму аднойчы ў душы я знайшла прусака, яшчэ раз — ручнік у чалавечым гаўне.
З сямі да дзесяці раніцы ў хостэле быў сняданак. На маленькай кухні для наведнікаў супрацоўнікі ставілі ёгурты, аўсянку, якую госць мог прыгатаваць сам, хлеб, сыр, джэм, памідоры, яблыкі. Калі прыйсці крыху раней, можна было нядрэнна падсілкавацца, тым, хто хацеў паспаць даўжэй, заставаўся мінімальны набор. Напрыклад, яйкі і памідоры.
— Агульнае ўражанне ад пражывання там у мяне жахлівае. Я не хацела туды вяртацца, але палічыла: гэта мне ўрок на будучыню, — адзначае Аліса. — Перад тым як нешта браніраваць, трэба ўсё дэталёва паглядзець, уважліва пачытаць водгукі. Лепш заплаціць болей, але жыць у камфортных умовах. Памятаю, як стамлялася за дзень, вярнуўшыся, хацела адпачыць, але не магла, бо ў маёй суседкі вечарына з прусакамі ў галаве.
«А што вы хочаце за дзевяць еўра за суткі?»

Святлане (імя змененае) за трыццаць. Сёлета частку свайго адпачынку яна пражыла ў Кабулеці. Тур шукала аператыўна і глядзела нешта недарагое. Таму адразу пагадзілася, калі ў агенцтве ёй прапанавалі варыянт у раёне 300 даляраў — гэта з дарогай з Беларусі, харчаваннем, пражываннем і некаторымі экскурсіямі. Тое, што яе чакае на моры, «распісалі вельмі прыгожа».
— Жыць мы мусілі ў гатэлі тры зоркі, што для Грузіі цалкам адэкватна, — успамінае жанчына. — У фірме сказалі, што да мора ад нас тры хвіліны, на даху гатэля будзе басейн і снэк-бар.
Удакладняць, як за невялікія для такой паездкі грошы ўдасца спыніцца ў жытле з басейнам на даху, турыстка не стала. Хацелася адпачываць, а не задаваць пытанні.
Па прыездзе падарожнікаў сустрэлі як родных. Госці былі для ўстановы першымі ў сезоне, таму ім накрылі стол, дзе стаяла грузінскае віно, і далі нумары з балконамі, хоць звычайна за такі бонус трэба даплачваць. У пакоі быў свежы рамонт, панарамныя вокны і від на горы. А яшчэ кандыцыянер, свой душ і прыбіральня. Толькі лядоўня адна на паверх, «як у бальніцах».
— На тэрыторыі — свая зялёная зона. Лежакі, каркасны басейн, зона барбекю, дзе можна было нешта для сябе прыгатаваць, — з захапленнем расказвае суразмоўніца. — Але галоўнае — гаспадар гатэля быў проста цудоўны чалавек. Ён ішоў на саступкі, вырашаў і згладжваў усе канфлікты. Праз яго не хацелася мяняць лакацыю.
Хаця пытанні да яе былі. Напрыклад, у нейкі момант турысты спыталі, ці могуць яны паплаваць у басейне на даху. Аказалася, яго толькі будуюць, снэк-бара таксама не было. А трыста метраў да мора, жартуе суразмоўніца, — гэта калі толькі па прамой, але паколькі на шляху былі іншыя гатэлі і дамы, трэба было іх абыходзіць. Таму дарога расцягнулася прыкладна на 900 метраў.
— Калі з часам у нумарах стала брудна, пачалі пытаць у гаспадара гатэля, чаму так. Ён адказаў, што ўборка платная — дзесяць лары (прыкладна дзесяць рублёў паводле курсу Нацбанка на 4 верасня. — Заўв. рэд.). Патлумачыў: персанал працуе круглыя суткі, каб яго ўтрымаць, патрэбныя вялікія заробкі, — апісвае сітуацыю суразмоўніца. — Такая ж цана была за замену ручнікоў і пасцелі. Госці плаціць адмовіліся, гаспадар успрыняў гэта спакойна. Я так разумею, для Грузіі гэта стандартная сітуацыя. У выніку ля нумароў паставілі швабры з вёдрамі, і хто хацеў, мог прыбрацца сам.
За час пражывання турыстаў былі ў гатэлі і невялікія надзвычайныя здарэнні. Напрыклад, неяк у навальніцу знікла электрычнасць. Кухня не працавала, прыгатаваць абеды і вячэры кухары не маглі, але гаспадар прыдумаў выхад. Гасцям прапанавалі сырныя аладкі і віно.
— Вечарамі гаспадар сядзеў у дворыку гатэля. Неяк турысты з ім разгаварыліся пра платную ўборку. Ён спакойна адказаў: «А што вы хочаце за дзевяць еўра за суткі?» — расказвае жанчына. — Не ведаю, ці ўваходзіла ў гэтую суму харчаванне, бо ў нас былі сняданкі, абеды і вячэры. Тым, хто, купляючы тур, ад іх адмовіўся, а потым вырашыў узяць, сказалі, што адзін раз паесці ў гатэлі каштуе 20 лары (каля 20 рублёў. — Заўв. рэд.).
Нягледзячы на тое што не ўсе чаканні і рэальнасць падчас адпачынку супалі, паездкай Святлана засталася задаволеная. З надвор’ем ім пашанцавала, людзей на пляжы ў той перыяд загарала няшмат, плюс цэны ў крамах яшчэ былі на ўзроўні беларускіх.
«Гаспадары заўсёды казалі: „Хочам, каб у вас ад нас былі вельмі добрыя ўражанні“»

У 50-гадовага Андрэя (імя змененае) іншы досвед. Гадоў дзесяць таму, калі вялікай сям’ёй, у якой было шасцёра дзяцей і двое дарослых, яны вярталіся з адпачынку ў Паланзе ў Беларусь, задыміўся іх мікрааўтобус, заклінавала матор. Здарылася гэта за некалькі кіламетраў ад літоўскага горада Шылале. Эвакуатар адвёз іх на СТА. Там, убачыўшы праблему, папярэдзілі: працы тут не на адзін дзень і каштаваць яна будзе нямала. На гэтым праблемы не скончыліся. Турыстам трэба было вырашыць, дзе тэрмінова спыніцца.
— На СТА нам прапанавалі спыніцца ў Шылале. У месцы, дзе раней быў савецкі калгас. Адзін з былых работнікаў выкупіў гэтую тэрыторыю і пабудаваў сядзібу, — расказвае Андрэй. — Мы трапілі туды на выходныя, калі літоўскія школьнікі адзначалі тут выпускны. Паколькі аказаліся не галоўнымі гасцямі, нам выдалі асобны дом. У цэнтральны будынак, дзе жылі ўсе астатнія, мы хадзілі толькі каб паесці.
Дом, куды засялілі сям’ю Андрэя, быў драўляным. Пабудавалі яго, відаць, зусім нядаўна: унутры прыемна пахла дрэвам. Складаўся ён з аднаго вялікага пакоя, дзе стаяла шэсць ложкаў. Двое зусім маленькіх дзяцей спалі з дарослымі.
— Выгоды знаходзіліся ў асобным месцы. Яны былі добра абсталяваныя, але, калі хацеў у прыбіральню, трэба было выбягаць на двор, — успамінае суразмоўца. — Побач з асноўным будынкам была палянка, непадалёк лясочак і невялічкая сажалка, дзе можна было нават купацца. Да гэтага мы плавалі ў моры. Ну, мора і мора. А тут, калі браць пад увагу прыроду, мы апынуліся нават у лепшым месцы. Можна было і пакупацца, і проста пасядзець. Мы з жонкай нават фотасесію зрабілі каля бярозак. Адзінае, што не спадабалася, — праз выпускны ў суботу там было дастаткова шумна (смяецца).
Дом сям’я арандавала на чатыры ночы, абышлося гэта ім у сто еўра. У сябе турысты прыбіраліся самі. За такія грошы прасіць пакаёўку было б ужо занадта, жартуе Андрэй. Адзінае бытавое пытанне, якое ўзнікла ў падарожнікаў: «Як жа мы будзем харчавацца?» Кухні ў зрубе не было. Гаспадары лёгка прыдумалі, як вырашыць гэтае пытанне. Беларусаў яны клікалі да стала пасля выпускнікоў. Кармілі іх тым самым, што гатавалі для ўчорашніх школьнікаў.
— Падавалі ўсё амаль як у буфетах. Напрыклад, пюрэ ці курыцу накладвалі на вялікі спод, а мы ўжо самі разбіралі ўсё па талерках, — апісвае сітуацыю мужчына. — Каштавала гэта нечакана мала. За сняданне, абед і вячэру для нашай сям'і штодзень выходзіла дзесяць еўра.
Нягледзячы на невысокія цэны, настрой у гаспадароў сядзібы быў камерцыйны. Калі госці, напрыклад, спыталі, ці можна ім памыць бялізну, тыя адказалі станоўча, але назвалі цану. Яе Андрэй ужо не памятае.
— Гаспадары заўсёды казалі: «Хочам, каб у вас ад нас былі вельмі добрыя ўражанні», — працягвае Андрэй і кажа, што так і атрымалася. — Для нас гэты адпачынак стаў самым бюджэтным і запамінальным. Хаця, вядома, рамонт машыны аказаўся не такі і танны. Некалькі гадоў пасля гэтага, калі думалі, куды б яшчэ паехаць, разважалі: вось бы апынуцца дзе-небудзь як у Шылале. Старэйшы сын, ён тады яшчэ быў падлеткам, гаварыў: «Калі-небудзь спецыяльна паеду ў Літву і пашукаю, дзе той Кейстуціс (так завуць гаспадара сядзібы. — Заўв. рэд.)». Праўда, яшчэ не даехаў.
З СТА таксама атрымалася кранальна.
— Грошай на пражыванне нам хапіла, а на рамонт — не, але людзі з СТА нас з верай адпусцілі. Толькі потым, калі мы вярнуліся дадому, перавялі ім астатнюю суму, — расказвае Андрэй.