Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Лукашенко в очередной раз оскорбил Зеленского. Политику «прилетел» колкий ответ из Киева, который поймет едва ли не каждый беларус
  2. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  3. «Обоим грозит исключительная мера». Застреленного в прошлом году мужчину заподозрили в подготовке теракта, по делу проходят его родители
  4. Навошта Лукашэнку паклікалі ў Маскву, дзе ён заявіў, што Беларусь не ўвойдзе ў склад Расіі? Спыталі ў аналітыка
  5. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  6. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  7. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  8. «Амкодор» национализировали решением Мингорисполкома с грифом ДСП? BELPOL передал «Зеркалу» непубличный документ
  9. Заявления Путина о прорыве в Курской области могут говорить о его желании «затушевать» отказ от перемирия — эксперты
  10. «Сотрудница взяла мой телефон, сняла чехол и посмотрела, что под ним». Рассказываем, какая обстановка на границе с соседними странами
  11. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  12. «Нужны врачи». Кочановой пожаловались на дефицит медиков
Читать по-русски


Кожную зіму Аляксандр Лукашэнка танчыць з мадэлямі на Венскім балі, а летам — ужо больш за 20 гадоў — наведвае баль выпускнікоў, дзе кружыцца ў вальсе са студэнткамі. Ці ўплывае ўрачыстая сустрэча з палітыкам на будучыню? Расказваем, як адміністрацыя Лукашэнкі падбірае яму партнёрак для вальса і як склаліся кар’еры некаторых з іх (хтосьці стаў чыноўніцай, а хтосьці працуе на дзяржТБ).

Александр Лукашенко танцует с ведущей "Беларусь 1" Полиной Шубой на Новогоднем венском балу. Минск, 2019 г. Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка танчыць з вядоўцай «Беларусь 1» Палінай Шубай на навагоднім Венскім балі. Мінск, 2019. Фота: president.gov.by

Палкі танцор

Аляксандр Лукашэнка любіць танчыць. Гэтае захапленне з’явілася ў яго яшчэ ў школе.

— Ён запрасіў мяне, ён добра вальсаваў, у параўнанні з іншымі хлопчыкамі. Але ў нас розніца ва ўзросце зусім невялікая — дзевяць гадоў, і таму гэта неяк асабліва не адчувалася, я ўвесь час з імі нібы была «на роўнай назе». І песні з імі аднолькавыя спявала, і танцы мы з імі танчылі, — успамінала школьны выпускны Лукашэнкі яго настаўніца Вольга Чуяшкова.

Цікавасць да вальса не знікла ў палітыка і на сёмым дзясятку. Пачынаючы з 2018 года ў Мінску праводзіцца штогадовы Навагодні баль, у якім удзельнічаюць чыноўнікі і студэнты з розных куткоў Беларусі. Фінальны акорд мерапрыемства — танец з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

У 2019 годзе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы (тады яго ўзначальваў Павел Латушка) у партнёрстве з кампаніяй A1 хацеў арганізаваць традыцыйны Венскі баль. Але Аляксандр Лукашэнка ўмяшаўся і «прысвоіў» мерапрыемства сабе — то-бок пераназваў ужо існы Навагодні баль у Венскі. Пазней ён так успамінаў, як гэта было (відаць, пераблытаўшы даты):

— Адзін са збеглых (мабыць, маецца на ўвазе Павел Латушка. — Заўв. рэд.), як мы іх называем, адзін з іх прынёс ідэю: «А вось венцы звярнуліся, аўстрыякі, каб я папрасіў вас, каб мы праводзілі тут Венскі баль». Я кажу, ведаю, гэта не першая прапанова. «Ну вось, Аляксандр Рыгоравіч, трэба, каб вы разгледзелі і пагадзіліся». Гэта ж Венскі баль. Ну хто? Хто не бачыў, той ведае Венскі баль. Ну, я глядзеў, у іх, вядома, зала ў два разы меншая за нашую, але яны так здымаюць аб’ёмна, што проста прыжажосць. Добра, што я тады не пагадзіўся адразу, бо Венскі баль ува мне ў нейкай ступені жыў. Не скажу, што я ўжо такі гурман у гэтай частцы, але сапраўды Венскі баль. Хто яго не ведае? Я кажу, добра, я падумаю. Дам адказ. Гэта было ў 17-м годзе. У 18-м мы правялі першы баль. Я думаю, слухай, ну, а мы што, горшыя за аўстрыйцаў? Добрая, талковая нацыя, прыгожая краіна. Венская опера, або дзе там зала гэтая? Ну, у нас лепш, людзі ў нас добрыя, таленавітыя.

З таго часу штогод у канцы снежня ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка вальсуе на Венскім балі з якой-небудзь маладой дзяўчынай. Часцей за ўсё яго партнёркі — былыя мадэлі, удзельніцы беларускіх конкурсаў прыгажосці. Некаторыя з іх пасля танца з палітыкам робяць паспяховую кар’еру на дзяржслужбе. Напрыклад, «Міс Беларусь — 2018» Марыя Васілевіч праз год пасля вальсавання стала самай маладой дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў.

На апошнім Венскім балі — у снежні 2023 года — Лукашэнка танчыў з Уладленай Зайцавай. З ёй жа ён вальсаваў у 2021-м. З таго часу Зайцаву можна часта сустрэць на фотаздымках побач з Лукашэнкам. Паводле інфармацыі праекта Motolko.help, дзяўчына была ў складзе афіцыйнай дэлегацыі Беларусі ў ААЭ ў снежні мінулага года, а да гэтага суправаджала палітыка падчас візіту ў яго родную вёску Александрыя.

Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка і Уладлена Зайцава (другая справа) на Венскім балі. Мінск, 2021. Фота: president.gov.by

Дзяўчыне 25 гадоў. Яна скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт. У 2021 годзе працавала інспектаркай мытні і выйшла ў фінал конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь».

«Вы ведаеце, я сядзела за адным столікам з ім. Проста ля яго»

Калі кожную зіму Аляксандр Лукашэнка танчыць з мадэлямі на Венскім балі, то летам (звычайна ў канцы чэрвеня) ён наведвае баль выпускнікоў, дзе кружыцца ў вальсе са студэнткамі. Гэтай традыцыі ўжо больш за 20 гадоў.

Мяркуючы з архіву прэс-службы палітыка, першы такі баль выпускнікоў з яго ўдзелам прайшоў у 2000 годзе. Фотаздымкаў мерапрыемства ў публічным доступе не захавалася. Але вядомае імя студэнткі філфака БДУ, з якой танчыў палітык, — Алена Бармоціна. З ёю Лукашэнка сустрэўся яшчэ раз праз 15 гадоў пасля сумеснага танца — і ўручыў ордэн Маці (у Бармоцінай пяцёра дзяцей). Дзяўчына стала чыноўніцай і працуе ў Міністэрстве адукацыі, ва ўпраўленні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Бармоціна — не адзіная з тых, каго кружыў у вальсе Аляксандр Лукашэнка і хто пасля звязаў кар’еру з дзяржслужбай. У 2014 годзе ў пары з ім аказалася Іна Юзэфальчык, выпускніца БДЭУ. Пасля ўніверсітэта яна працавала па размеркаванні ў «Беларусбанку». Цяпер імя дзяўчыны можна знайсці сярод супрацоўнікаў Нацбанка і аўтараў работ у часопісе арганізацыі «Банкаўскі веснік». Яна займае пасаду кансультанткі Упраўлення даследаванняў і стратэгічнага развіцця.

Александр Лукашенко и бывшая студентка БГЭУ Инна Юзефальчик на балу выпускников вузов. Минск, 2014 год. Фото: «Комсомольская правда»
Аляксандр Лукашэнка і былая студэнтка БДЭУ Іна Юзэфальчык на балі выпускнікоў ВНУ. Мінск, 2014. Фота: «Комсомольская правда»

У 2015 годзе Лукашэнка ўжо танчыў з нядаўняй студэнткай факультэта эканомікі і права Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандрай Малаканавай. Падчас навучання дзяўчына напісала працу па крыміналістыцы.

Александр Лукашенко и бывшая студентка БарГУ Александра Молканова на балу выпускников вузов. Минск, 2015 г. Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка і былая студэнтка БарДУ Аляксандра Малаканава на балі выпускнікоў ВНУ. Мінск, 2015. Фота: president.gov.by

Сустрэча з Лукашэнкам Аляксандру ўразіла:

— Вы ведаеце, я сядзела за адным столікам з прэзідэнтам. Проста ля яго. Удалося нават пагутарыць <…> на агульныя тэмы. Нават калі б і было нешта такое, я б дакладна вам гэтага не расказала. Трэба разумець, бо гэта прэзідэнт.

Цяпер Малаканава (мяркуючы з яе сацсетак) працуе на Беларускім тэлебачанні.

Скриншот профиля работницы БТ Александры Молкановой в "Вконтакте"
Скрыншот профілю працаўніцы БТ Аляксандры Малаканавай «ВКонтакте»

«За дзень да балю на мяне прыехалі паглядзець з Адміністрацыі прэзідэнта, а проста перад балем паказалі намесніцы міністра адукацыі»

Пасля мерапрыемства дзяўчаты звычайна расказваюць, што самі запрашалі Лукашэнку на танец і ён, нібы выпадкова, згаджаўся на прапанову незнаёмкі.

— Я падышла і сказала: «Аляксандр Рыгоравіч, дазвольце, запрашу вас на танец». Ён заўсміхаўся і перапытаў: «Мяне?!» Я сказала: «Вядома, вас!» Ён узяў мяне за руку і павёў танчыць. Спачатку была скаванасць, але потым, калі разгаварыліся, і танец пайшоў, — дзялілася партнёрка палітыка па вальсе 2008 года і выпускніца БДУІР Наталля Жэдзь.

Але, мяркуючы з усяго, здзіўленне палітыка было найграным і выбар партнёркі для вальса рыхтуецца загадзя. Тая ж Наталля Жэдзь казала, што насамрэч ведала, што ёй давядзецца запрасіць на танец Лукашэнку: «Была рэпетыцыя, арганізатары глядзелі, як дзяўчаты танчаць».

У 2009 годзе пра працэдуру «адбору» прагаварылася былая студэнтка БДПУ Таццяна Радкевіч (відаць, не падазраючы, наколькі дзіўны і двухсэнсоўны працэс яна апісвае).

— Але танцаваць з прэзідэнтам мяне выбралі не толькі таму [не праз яе заняткі танцамі], — расказвала дзяўчына пасля балю. — Ведаю, што адбіралі з чалавек васьмі, глядзелі нашыя характарыстыкі, фатаграфіі. Нават нешта накшталт кастынгу было. Гэта ж такі адказны момант для ўсяго ўніверсітэта і міністэрства! Усё вырашылася ў апошні момант. За дзень да балю на мяне прыехалі паглядзець з Адміністрацыі прэзідэнта, а проста перад балем паказалі намесніцы міністра адукацыі: «Вось гэтая дзяўчынка будзе танчыць з прэзідэнтам». Тая ўхвальна кіўнула.

Александр Лукашенко и бывшая студентка БГПУ Татьяна Радкевич на балу выпускников вузов. Минск, 2009 год. Скриншот: «СТВ»
Аляксандр Лукашэнка і былая студэнтка БДПУ Таццяна Радкевіч на балі выпускнікоў ВНУ. Мінск, 2009. Скрыншот: «СТВ»

На існаванне асаблівай працэдуры выбару дзяўчат намякала ў інтэрв'ю «Комсомольской правде» і іншая студэнтка — Іна Юзэфальчык, якая танчыла з Лукашэнкам у 2014 годзе.

— Не магу раскрываць усіх падрабязнасцяў. Да гэтага з намі размаўлялі, казалі, што існуюць традыцыі, што кожны год прэзідэнт танчыць з адной з выпускніц, будзьце гатовыя, — расказвала яна.

«Адборам» дзяўчат займаецца Адміністрацыя Лукашэнкі. І не толькі для вальсаў. Вось якапісвала сустрэчу з былой памочніцай палітыка і кіраўніцай яго адміністрацыі Наталляй Пяткевіч былая акторка Купалаўскага тэатра Крысціна Дробыш.

— Тыдзень да прэм’еры спектакля. <…> Я абсалютна наіўна надзяваю сукенку і нейкія абцасы, прыходжу, а дзявятай раніцы ў прыёмны пакой дырэктара, мне прапануюць каву, — успамінала Дробыш. — Было прадчуванне, што нешта адбываецца: памятаю, што мне далі маленечкі кубачак кавы і талерачку, і яна проста звінела, бо трэсліся рукі. Мяне запрашаюць у кабінет, [туды] заходзіць жанчына ў шыкоўным футры з пахам парфумы, ад якога можа пачацца мігрэнь.

Гэтая жанчына спытала, што Дробыш робіць у нядзелю.

— У мяне будзе прагон спектакля, раніцай і ўвечары.

— Мы можам яго адмяніць?

— Вы што, зусім блізка да прэм’еры! Гэта немагчыма.

Пасля развітання з незнаёмкай сакратарка расказала дзяўчыне, што з ёй размаўляла Наталля Пяткевіч. Дробыш зразумела, што яе спрабавалі завербаваць у эскорт да Лукашэнкі.

«Будзеце аберагаць мір, забяспечваць нацыянальную бяспеку»

Цікава, што летась фармат балю выпускнікоў змяніўся. Ён прайшоў у Мінску пад адкрытым небам, а традыцыйнага вальса не было. Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да былых студэнтаў з трыбуны:

— А заўтра ў вас — новае жыццё. Таму сёння весяліцеся, а заўтра з новымі сіламі — да новых поспехаў. Вы будзеце ўжо выхоўваць, вучыць, лячыць, будаваць, развіваць тэхналогіі, ствараць шэдэўры мастацтва і яшчэ многае-многае іншае. Будзеце аберагаць мір, забяспечваць нацыянальную бяспеку.

Адмова ад традыцыйнага фармату можа быць звязаная з праблемамі са здароўем палітыка: у траўні 2023-га Лукашэнка з цяжкасцю перасоўваўся.

Чытайце таксама