Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Навіны з расійска-фінляндскай мяжы, дзе разгортваецца новы міграцыйны крызіс, могуць выклікаць у беларусаў адчуванне дэжавю. Гэтак жа, як і на агульнай мяжы Беларусі і Еўрасаюза ў 2021 годзе, тут раптам з’явілася мноства бежанцаў з блізкаўсходніх краін і Самалі. Фінляндыя, у сваю чаргу, спачатку вырашыла закрыць большасць пунктаў пропуску на сваёй мяжы з Расіяй (дакладна тое самае раней зрабілі заходнія суседзі Беларусі), а потым наважылася і на поўнае перакрыццё наземнай камунікацыі за выключэннем грузаперавозак. Дзіўным чынам вельмі многія дзеянні беларускіх уладаў праз нейкі час быццам пад капірку паўтараюцца Масквой. Мы сабралі сем прыкладаў, якія пацвярджаюць гэтую дзіўную заканамернасць.

На тое, што многія дзеянні беларускіх уладаў нібыта апярэджваюць аналагічныя падзеі ў Расіі, людзі звярнулі ўвагу ўжо даўно. Яшчэ ў 2016 годзе комік-стэндапер Слава Камісаранка апісаў гэтую сітуацыю так, што беларусы і расіяне быццам глядзяць адзін серыял, толькі «Расія яшчэ на трэцім сезоне, а мы ўжо на пятым» (пазней, у лістападзе 2021 года, ён паўтарыў гэты ж тэзіс у інтэрв'ю расійскаму блогеру Юрыю Дудзю).

Міграцыйны крызіс

Беларускі арыгінал

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з Літвой, Латвіяй і Польшчай пачаўся вясной 2021 года на фоне пагаршэння адносін паміж Мінскам і Еўрасаюзам. У чэрвені 2021 года пасля вострай міжнароднай рэакцыі на прымусовую пасадку ірландскага авіялайнера ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць незаконную міграцыю і наркатрафік на знешняй мяжы ЕС. Неўзабаве пасля гэтага ў ЕС з Беларусі пайшлі тысячы мігрантаў — а свайго піку крызіс дасягнуў у лістападзе 2021-га, калі натоўпы людзей штурмавалі прапускны пункт «Брузгі» на мяжы з Польшчай.

Пры гэтым існуюць сведчанні датычнасці Лукашэнкі і падкантрольных яму структур да арганізацыі дастаўкі ў Беларусь мігрантаў з Блізкага Усходу. Гэта значыць, што міграцыйны крызіс на мяжы нашай краіны і ЕС пачаўся не з нейкіх незалежных ад уладаў прычын — а быў арганізаваны імі самімі. Больш за тое, беларускіх памежнікаў неаднаразова лавілі на тым, што яны дапамагалі мігрантам незаконна парушаць мяжу з суседнімі краінамі.

Расійская копія

У красавіку 2023 года нейтральная дагэтуль Фінляндыя ўступіла ў NATO. Такое рашэнне кіраўніцтва краіны прыняло пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Пры гэтым яшчэ з пачатку сакавіка 2022 года РФ афіцыйна прызнала Фінляндыю «недружалюбнай дзяржавай». А ў ліпені 2023 года Крэмль заявіў афіцыйны пратэст «у сувязі з канфрантацыйнай антырасійскай палітыкай, якая праводзіцца ўладамі Фінляндыі».

Финские пограничники и мигранты с велосипедами идут к пограничному переходу между Финляндией и Россией в Салла, Лапландия, Финляндия, 21 ноября 2023 года. Фото: Reuters
Фінскія памежнікі і мігранты з роварамі ідуць да памежнага пераходу паміж Фінляндыяй і Расіяй у Сала, Лапландыя, Фінляндыя, 21 лістапада 2023 года. Фота: Reuters

Аднымі пратэстамі ўсё не абмежавалася, і ў кастрычніку-лістападзе 2023 года на мяжы Расіі і Фінляндыі з’явіліся сотні мігрантаў з азіяцкіх і афрыканскіх дзяржаваў. На думку Хельсінкі, новы міграцыйны крызіс справакаваны Масквой. А фінскія памежнікі абвінавачваюць сваіх расійскіх калег у дапамозе мігрантам па перасячэнні мяжы з Фінляндыяй.

«Абнуленне» прэзідэнцкіх тэрмінаў

Беларускі арыгінал

Прынятая ў 1994 годзе Канстытуцыя Беларусі змяшчала дэмакратычную норму змяняльнасці ўлады, якая перашкаджала яе ўзурпацыі. А менавіта — вызначала, што прэзідэнт краіны можа абірацца не больш чым на два пяцігадовыя тэрміны. Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка на законных падставах мог заставацца на сваёй пасадзе не больш за дзесяць гадоў.

Аднак ужо ў 1996 годзе ён «абнуліў» тэрмін сваіх паўнамоцтваў з дапамогай паправак да Канстытуцыі, прынятых на рэферэндуме, афіцыйна абвешчаныя вынікі якога выглядаюць вельмі сумнеўнымі. Артыкул 144 абноўленай Канстытуцыі наўпрост абвяшчаў, што тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта вылічаецца з дня яе ўступлення ў сілу. Так Лукашэнка дадаў да свайго першага тэрміну два лішнія гады — і павялічыў сабе максімальна магчымы тэрмін знаходжання ва ўладзе да 12 гадоў.

Зрэшты, гэтага яму было мала. У 2004 годзе на чарговым рэферэндуме абмежаванні па колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў наогул былі выдаленыя з Канстытуцыі — прычым незаконна. Бо, згодна з Выбарчым кодэксам, «на рэспубліканскі рэферэндум не могуць выносіцца пытанні, <…> звязаныя з абраннем і вызваленнем прэзідэнта».

Владимир Путин и Александр Лукашенко во время посещения Спасо-Преображенского Валаамского ставропигиального мужского монастыря 24 июля 2023 года. Фото: пресс-служба Кремля
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Спаса-Праабражэнскага Валаамскага стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра, 24 ліпеня 2023 года. Фота: прэс-служба Крамля

Расійская копія

Першапачатковая рэдакцыя расійскай Канстытуцыі ад 1993 года змяшчала палажэнне пра тое, што адзін чалавек не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны запар (што давала магчымасць абірацца і трэці раз — але пасля «паўзы» ў выглядзе прэзідэнцтва іншай асобы). Першы прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын не парушыў гэтага палажэння і ў 1999 годзе, яшчэ да заканчэння свайго другога тэрміну, пайшоў у адстаўку. Уладзімір Пуцін, які змяніў яго, адбыўшы на прэзідэнцкай пасадзе два поўныя тэрміны, у 2008 годзе не ўдзельнічаў у выбарах і саступіў пасаду Дзмітрыю Мядзведзеву (хоць у перыяд яго прэзідэнцтва кіраваў расійскім урадам).

Аднак задоўга да заканчэння наступных двух тэрмінаў Пуцін, відавочна, вырашыў не рызыкаваць, часова перадаючы прэзідэнцкую ўладу ў рукі іншай асобы. І ў сакавіку 2020 года Дзяржаўная дума РФ прыняла папраўку да расійскай Канстытуцыі, прапанаваную экс-касманаўткай і дэпутаткай ад кіроўнай партыі «Адзіная Расія» Валянцінай Церашковай. У адпаведнасці з ёй тэрміны прэзідэнцтва Уладзіміра Пуціна да 2024 года «абнуліліся» — што дало яму магчымасць удзельнічаць у выбарах 2024 і 2030 гадоў.

Здыманне сілавікамі пакаяльных відэа

Беларускі арыгінал

Яшчэ ў далёкім 2011 годзе прасіць прабачэння перад беларускімі сілавікамі на камеру давялося расійскаму хакейнаму трэнеру Андрэю Назараву, які падчас матчу яго «Віцязя» са сталічным «Дынама» задзіраў заўзятараў на «Мінск-Арэне». А ў лістападзе 2018 года сілавікі прымусілі прасіць прабачэння на камеру падлетка за «аплявуху» скульптуры гарадавога ў Мінску.

Але па-сапраўднаму неад’емнай часткай працы беларускіх сілавікоў запіс «пакаяльных» відэа стаў са жніўня 2020 года. Падчас іх стварэння і публікацыі сілавікі абсалютна не саромеюцца парушаць закон — напрыклад, адкрыта абражаючы людзей, зневажаючы іх гонар і годнасць, выдаючы персанальныя звесткі і прымушаючы іх агаворваць сябе (паводле Канстытуцыі, нікога нельга змушаць даваць паказанні і тлумачэнні супраць самога сябе, сваёй сям'і і блізкіх сваякоў).

Паводле некаторых ацэнак, толькі са жніўня 2020 да снежня 2021 года праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі амаль 1200 «пакаяльных» відэа з грамадзянамі, затрыманымі за разнастайную пратэсную актыўнасць — у тым ліку за ўдзел у дэманстрацыях, каментары і рэпосты ў сацсетках, падпіску на забароненыя медыярэсурсы і гэтак далей.

Попытка записать "покаянное" видео с женщиной, задержанной в Могилеве за БЧБ-маникюр. Скриншот видео "Беларусь 4"
Спроба запісаць «пакаяльнае» відэа з жанчынай, затрыманай у Магілёве за БЧБ-манікюр. Скрыншот відэа: «Беларусь 4»

Расійская копія

Тут актыўна выкарыстоўваць «пакаяльныя» відэа пачалі ў 2015 годзе ў Чачні. Спачатку гэтая практыка таксама мела лакальны і спарадычны характар. Але зімой 2021 года расійскія сілавікі (магчыма, натхнёныя прыкладам беларускіх калег) запісалі цэлую серыю «пакаяльных» ролікаў з людзьмі, затрыманымі падчас мітынгаў у падтрымку Аляксея Навальнага.

А пасля нападу на Украіну ў 2022 годзе практыка стварэння і публікацыі «пакаяльных» відэа ў Расіі набыла паўсюдны характар. Праваабарончы праект «ОВД-Инфо» налічыў 94 выпадкі публічных выбачэнняў з 24 лютага 2022 года да 30 чэрвеня 2023 года. Асноўная частка з іх — 66 — прыпала на Крым. Самымі частымі нагодамі для выбачэнняў у гэты перыяд, паводле звестак «ОВД-Инфо», сталі антываенныя пасты і выказванні, праўкраінская сімволіка, удзел у акцыях.

Велізарныя тэрміны галоўным палітычным апанентам

Беларускі арыгінал

Пасля 2020 года беларускія суды асуджаюць ключавых апанентаў улады на велізарныя тэрміны. У прыватнасці, у ліпені 2021 года Віктар Бабарыка атрымаў 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а ў снежні 2021 года Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму (у лютым 2023 года Ціханоўскаму дадалі яшчэ паўтара года нібыта за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі»). Бабарыка і Ціханоўскі збіраліся ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, але не былі дапушчаныя да іх уладамі (хоць штаб першага, напрыклад, сабраў у падтрымку свайго кандыдата 425 тысяч подпісаў).

Сам па сабе факт вынясення прысудаў мноству людзей, якія спрабавалі законна выбрацца на пасаду прэзідэнта, ужо шмат што кажа пра беларускую палітычную мадэль. Але ў папярэднія прэзідэнцкія кампаніі беларускія суды былі прыкметна больш паблажлівымі да супернікаў Лукашэнкі. Напрыклад, пасля выбараў 2010 года экс-кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі атрымалі па два гады пазбаўлення волі ўмоўна.

Фото: flickr.com
Святлана Ціханоўская з фатаграфіяй свайго мужа, Сяргея Ціханоўскага. Фота: flickr.com

Расійская копія

Працяглы час галоўным апазіцыйным супернікам Уладзіміра Пуціна з’яўляецца Аляксей Навальны. Першы прысуд папулярнаму палітыку ў 2014 годзе быў умоўным (3,5 года), хоць суд тады адправіў у калонію агульнага рэжыму на такі ж тэрмін яго брата Алега. Больш за тое, у 2015 годзе Еўрапейскі суд правоў чалавека прызначыў Навальнаму кампенсацыю за адсутнасць справядлівага судовага разбіральніцтва — і Расія прызнала гэтае рашэнне, выплаціўшы палітыку больш за 4 мільёны расійскіх рублёў.

Але беларускі прыклад і тут аказаўся заразлівым. У сакавіку 2022 года Навальнага асудзілі на дзевяць гадоў калоніі строгага рэжыму, а ў жніўні 2023-га суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 19 гадоў калоніі. Таксама ў красавіку 2023 года велізарны тэрмін у 25 гадоў калоніі атрымаў яшчэ адзін вядомы расійскі апазіцыянер — тэлежурналіст, рэжысёр і публіцыст Уладзімір Кара-Мурза.

Спісы забароненых артыстаў

Беларускі арыгінал

У Беларусі чорныя спісы непажаданых для ўладаў музычных гуртоў і выканаўцаў з’явіліся ўпершыню не пазней за 2004 год. Тады пасля канцэрта на дазволеным мітынгу «Не трэцяму тэрміну!» у няміласць трапілі Neuro Dubel, «Палац», «Крама», «Крамбамбуля», N.R.M., Zet, Drum Ecstasy, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч, Алег Хаменка. Удзельнікаў канцэрта звольнілі з дзяржаўных арганізацый накшталт «Белканцэрта» і з тэлеканала СТБ, а канцэрты гуртоў і асобных выканаўцаў адмяняліся адзін за адным. У 2007 годзе чорныя спісы нібыта зніклі, але ў 2011-м з’явіліся зноў. Гуртам і музыкам, якія іх трапілі, было нельга гучаць у тэлевізійных і радыёэфірах.

Пасля падзей 2020 года чорныя спісы ў Беларусі прыкметна раздзьмуліся. У жніўні 2021 года праўладныя тэлеграм-каналы распаўсюдзілі спіс больш чым з 350 прозвішчаў работнікаў культуры, СМІ, спартоўцаў, творчых калектываў. Аўтары пастоў называлі гэтых людзей і калектывы «здраднікамі» і заклікалі не супрацоўнічаць з імі. У лютым 2023 года ў распараджэнне «Беларускай рады культуры» трапіў спіс з 80 беларускіх і замежных выканаўцаў, песні якіх забаронена выконваць у нашай краіне.

А ў красавіку 2023 года цэнзары «выкасавалі» апальнага актора-купалаўца Дзмітрыя Есяневіча з беларуска-расійскага серыяла «За полчаса до весны» пра Уладзіміра Мулявіна і ансамбль «Песняры».

Разница в кадрах с цензурой и без. Фото: "Священный Белавуд", коллаж "Зеркала"
Розніца ў кадрах серыяла «За полчаса до весны» з цэнзурай і без. Фота: «Священный Белавуд», калаж «Люстэрка»

Расійская копія

У Расіі забароны на выступ непажаданых для ўлады артыстаў, якія выступілі супраць нападу на Украіну, з’явіліся неўзабаве пасля пачатку вайны. Ужо ў сакавіку 2022 года арганізатары канцэртаў атрымалі спіс з 22 выканаўцаў і гуртоў, выступы якіх улады палічылі «вельмі непажаданымі», — і пачалі яго выкарыстоўваць. Да ліпеня 2022 года спіс забароненых у Расіі артыстаў пашырыўся да 30.

Перанялі расіяне і досвед па «выкасоўванні» твараў непажаданых артыстаў з ужо гатовых відэа — у красавіку 2023 года тэлеканал «Муз-ТБ» заблюрыў спявачку Алену Цемнікаву ў фільме пра гісторыю шоу «Фабрыка зорак».

Выкарыстанне тэрміну «экстрэмізм» не па прызначэнні

Беларускі арыгінал

У траўні 2021 года ў Беларусі былі прынятыя папраўкі да законаў пра супрацьдзеянне экстрэмізму. На думку экспертаў, замест рэальнай барацьбы з экстрэмізмам (то-бок з праявай крайніх, радыкальных палітычных поглядаў) яны былі ўведзеныя для таго, каб здушыць пратэсную дзейнасць і пакараць пры жаданні любога чалавека, які пратэставаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года.

Як лічыць палітолаг Валерый Карбалевіч, цяпер пад экстрэмізм беларускія ўлады падводзяць фактычна любую апазіцыйную дзейнасць і ўсё, што датычыць крытыкі ўладаў: «Краіна, якая ганарылася стабільнасцю і адсутнасцю канфліктаў, раптам аказалася востравам абсалютнага экстрэмізму. Колькасць экстрэмісцкіх справаў — гэта штучна створаная ўладамі сітуацыя».

Фактычна беларускія ўлады пачалі масава называць экстрэмізмам практычна любыя непажаданыя для іх паводзіны яшчэ да прыняцця новага закона — падчас здушэння пратэстаў пасля выбараў 2020 года. Да сакавіка 2021 года (то-бок яшчэ да прыняцця паправак) Следчы камітэт паведамляў, што перадаў для накіравання ў суд крымінальныя справы пра больш чым 700 злачынстваў, звязаных з экстрэмізмам, — а 350 чалавек на той момант ужо былі асуджаныя.

У выніку такой вольнай трактоўкі, якая супярэчыць здароваму сэнсу, «экстрэмістамі» ў Беларусі абвяшчаюць адміністратараў дваровых чатаў і арганізатараў чаяванняў, прагулак, канцэртаў (як маму пяцярых дзяцей Вольгу Залатар, якую абвінавацілі за такія дзеянні ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і асудзілі на чатыры гады калоніі).

Ольга Золотарь (многодетная мать из Жданович, объявленная властями создательницей экстремистского формирования) со своими детьми. Фото: spring96.org
Вольга Залатар (шматдзетная маці са Ждановічаў, абвешчаная ўладамі стваральніцай экстрэмісцкага фарміравання) са сваімі пяццю дзецьмі. Фота: spring96.org

«Экстрэмісцкімі дзеяннямі» ўлады называюць выкарыстанне дронаў, адпраўку ў чатах фатаграфій ваеннай тэхнікі, выкананне ўкраінскіх песень, напісанне негатыўных каментароў пра ўладу ў сацсетках, выданне, продаж і захоўванне «няправільных» кніг, а «фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці» — дабрачыннасць (данаты на дапамогу пацярпелым ад гвалту сілавікоў, палітвязням і іх сем’ям). «Садзейнічанне экстрэмісцкім дзеянням», з пункту гледжання ўладаў, гэта цяпер інтэрв'ю, адпраўка інфармацыі ці каментары незалежным сродкам масавай інфармацыі, а самі такія СМІ адно за адным абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» і «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Рэпост і перасылка забароненых публікацый з гэтых крыніц класіфікуюцца як «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Таксама «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаюцца «няправільныя» песні, YouTube-каналы, групы ў сацсетках.

Нагадаем, што насамрэч удзел у мірных сходах і свабоднае выказванне сваіх перакананняў — як і атрыманне і распаўсюд інфармацыі любымі сродкамі — не з’яўляюцца экстрэмізмам, а адносяцца да ліку неад’емных правоў чалавека.

Расійская копія

Расія без праблем падхапіла новыя беларускія правілы гульні што да «экстрэмізму» і без праблем выдае Мінску беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі і якіх той абвінавачвае ў здзяйсненні «экстрэмісцкіх» злачынстваў. А з моманту пачатку ўварвання ва Украіну ў РФ скачкападобна вырасла колькасць «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці». За 2022 год іх зафіксавалі амаль у паўтара разу (на 48,2%) больш, чым у 2021-м. Пра досыць шырокую трактоўку экстрэмізму ў Расіі сведчыць той факт, што большасць з 1566 расійскіх экстрэмісцкіх злачынстваў 2022 года здзейсненая ў інтэрнэце — то-бок у выглядзе каментароў, паведамленняў, рэпостаў.

У верасні 2023 года Дзярждума РФ прыняла ў першым чытанні папраўкі да 280-га артыкула Крымінальнага кодэкса (публічныя заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці), якія значна пашыраюць сферу яго выкарыстання. Пасля ўступлення ў сілу крымінальна каральным дзеяннем у Расіі будзе лічыцца «публічная заява пра прызнанне ідэалогіі і практыкі экстрэмізму слушнымі і такімі, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і перайманні». А «распаўсюд інфармацыі, скіраванай на фармаванне ў чалавека ідэалогіі экстрэмізму, перакананасці ў яе прывабнасці альбо ўяўленні пра дапушчальнасць ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці» будуць разумецць як прапаганду экстрэмізму.

Паводле ацэнак дэпутатаў Дзярждумы ад Камуністычнай партыі, з улікам новых паправак да Крымінальнага кодэксу палажэнні наяўнага ў Расіі закона «Пра супрацьдзеянне экстрэмісцкай дзейнасці» (які называе такой, напрыклад, «гвалтоўнае змяненне асноваў канстытуцыйнага ладу») дазволяць караць, напрыклад, людзей, якія ў станоўчым ключы выкажуцца пра дзекабрыстаў, Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года або пра Барыса Ельцына. Бо ўсе яны звязаныя з паспяховымі альбо не вельмі спробамі змены дзяржаўнага ладу. Такім чынам, новая пашыраная трактоўка «экстрэмізму» дазволіць называць экстрэмістамі нават неасцярожных удзельнікаў палітычных ці гістарычных дыскусій.

Пазбаўленне грамадзянства непажаданых грамадзян

Беларускі арыгінал

14 снежня 2022 года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні, а 5 студзеня 2023 года Лукашэнка зацвердзіў папраўкі да закона пра грамадзянства. Яны ўступілі ў сілу праз паўгода. Згодна з імі, улады атрымалі права пазбаўляць грамадзянства людзей, якія асуджаныя за «экстрэмісцкую дзейнасць» і якія знаходзяцца за межамі краіны. З улікам неадэкватна шырокай трактоўкі паняцця «экстрэмізм», пра якую мы пісалі вышэй, гэта дае тэхнічную магчымасць пазбавіць беларускага грамадзянства вельмі многіх людзей, якія пакінулі краіну праз пераслед з боку ўладаў (або праз высокую імавернасць такога пераследу). Новая версія закона дазваляе пазбаўляць грамадзянства людзей, асуджаных паводле аднаго з 42 «экстрэмісцкіх» артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Фото: «Зеркало»
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Фота: «Люстэрка»

Расійская копія

26 кастрычніка 2023 года ў Расіі ўступіў у сілу новы закон «Пра грамадзянства РФ» (ён быў прыняты парламентам і падпісаны Уладзімірам Пуціным у красавіку). У адпаведнасці з ім пералік злачынстваў, за здзяйсненне якіх расійскія ўлады будуць пазбаўляць грамадзянства, павялічыўся ў чатыры разы — з 18 у папярэднім варыянце закона да 64. Праўда, гаворка пакуль толькі пра набытае грамадзянства (то-бок атрыманае не па праве нараджэння) — у Беларусі ж такіх абмежаванняў ужо няма.

Чытайце таксама