Раней у Беларусі не існавала «Ціндара», у бібліятэцы нельга было пазнаёміцца з «Камасутрай», не было і інтэрнэту, які дазваляе чытаць нашыя матэрыялы пра сэкс. Але інтымнае жыццё нашых продкаў віравала і было, магчыма, не менш яркім, чым цяпер. Мы ўжо падрабязна ўспаміналі, як беларусы ставіліся да сэксу і займаліся ім у дадзяржаўны перыяд і ў часы Кіеўскай Русі, у эпоху Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а таксама ў Расійскай імперыі. Цяпер прыйшоў час расказаць пра Савецкі Саюз, дзе ківач гайдаўся ад сэксуальнай рэвалюцыі і абсалютнай ўсёдазволенасці да поўнага пурытанства і забаронаў — што, зрэшты, не азначала адмовы ад інтымнага жыцця.
Як праходзіла сэксуальная рэвалюцыя дваццатых
1917 год — не проста дата, калі на тэрыторыі Расійскай імперыі (туды ўваходзіла і Беларусь) адбылася рэвалюцыя, што зрынула царскі рэжым і прывяла да ўлады камуністаў. Гэта яшчэ і час радыкальнага павароту ў сэксуальным жыцці нашых продкаў.
Аж да рэвалюцыі беларусы існавалі ва ўмовах сэксуальнага дуалізму: супрацьстаяння паганскай традыцыі (у ёй сэкс быў натуральнай часткай жыцця, прыроды і космасу, таму да яго ставіліся станоўча) і хрысціянскай (мэта сэксу — выключна нараджэнне дзяцей). У дадатак існаваў і дуалізм саслоўны: да самай рэвалюцыі прадстаўнікі саслоўяў (закрытых сацыяльных груп, прыналежнасць да якіх перадавалася ў спадчыну і вельмі рэдка набывалася — напрыклад, сяляне і дваране) жылі нібыта ў розных сусветах і па-рознаму ставіліся да сэксу.
Рэвалюцыя стала велізарным сацыяльным выбухам, які знішчыў ранейшыя традыцыі і ўмоўнасці. Саслоўнасць адышла ў нябыт. У катле рэвалюцыі пачалі знікаць ранейшыя падзелы. Вядома, не адразу: напрыклад, пераўтварэнні ў вёсцы цягнуліся дзесяцігоддзямі. Але ў цэлым менавіта за савецкім часам тэндэнцыі, характэрныя для сэксуальнай сферы, сталі ўжо ўсеагульнымі.
Перадумовы для гэтага складваліся яшчэ да прыходу камуністаў да ўлады. У сваёй працы «Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917−1929 гг.» іх падраблязна разгледзеў доктар гістарычных навук Аляксандр Гужалоўскі. Паводле яго, у пачатку ХХ стагоддзя свеце ў цэлым адбывалася радыкальная мадэрнізацыя і разрыў з традыцыйнымі каштоўнасцямі.
«У той час у еўрапейскім і паўночнаамерыканскім грамадстве пад уплывам тэорыі [аўстрыйскага псіхааналітыка] Зігмунда Фрэйда распаўсюдзілася думка пра тое, што палавое жыццё патрэбна жанчынам не менш за мужчын, а падаўленне сэксуальных жаданняў разбуральнае для псіхікі. Першая сусветная вайна прывяла да масавага скарачэння мужчынскай часткі насельніцтва, а таксама перамогі феміністак, якія значна пашырылі канстытуцыйныя правы жанчын, змянілі менталітэт і паводзіны апошніх. Новае пакаленне жанчын 1920-х гадоў імкнуліся сумясціць сямейнае жыццё з прафесійнай кар’ерай. Гэта адбілася на іх знешнім абліччы ў выглядзе кароткіх стрыжак, вузкіх спадніц, нагавіц, а таксама касметыкі, якую раней ужывалі пераважна актрысы і прастытуткі. На працягу „равучых дваццатых“ палагоднелі адносіны да сэксуальных меншасцяў», — пісаў навуковец.
Свае змены адбываліся і ў Беларусі, на якую таксама паўплывала Першая сусветная. Паводле Гужалоўскага, мабілізацыя жыхароў у войска, бежанства (на тэрыторыі Беларусі праходзіла лінія фронту і вяліся баявыя дзеянні), доўгатэрміновае размяшчэнне на нашых землях вялікіх вайсковых кантынгентаў прывяло да размывання традыцыйных уяўленняў пра сэкс і мараль. Але вырашальную ролю ўсё ж адыграла Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая яшчэ больш дэзарганізавала сямейныя і маральныя каштоўнасці. А таксама прынесла ў Беларусь ідэі вызвалення сэксуальнасці і разняволення жанчыны. Апошняе адпавядала новай дзяржаўнай палітыцы, бо яе ідэолагі бачылі ў традыцыйнай сям'і адну з галоўных перашкод да будаўніцтва камунізму.
Пры гэтым, як падкрэслівае Гужалоўскі, камуністы не мелі выразнай праграмы ў сферы сям'і, шлюбу і сэксу. Ва ўмовах такога ідэалагічнага вакууму зялёнае святло атрымалі разнастайныя ініцыятывы і погляды, якія проста рэзка кантраставалі з ранейшымі. Адным з галоўных тэарэтыкаў новай маралі зрабілася Аляксандра Калантай. У будучыні яна стане амбасадаркай СССР у Швецыі. А тады была высокапастаўленай партыйнай чыноўніцай — загадчыцай жаночага аддзела ЦК Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў). Таму Калантай магла прапагандаваць і рэалізоўваць свае ідэі адміністрацыйным шляхам.
На думку Гужалоўскага, погляды Калантай былі складаным сімбіёзам фемінізму і марксізму. Напрыклад, у брашуры «Новая мараль і рабочы клас» яна выступала супраць легальнага шлюбу (маўляў, ён супярэчыць мабільнай чалавечай псіхіцы), свабоднага саюза (патрабуе выдаткаў часу) і прастытуцыі. Замест гэтага Калантай прапаноўвала наступнае: там, дзе адсутнічае вялікае каханне (а яно нібыта адсутнічае ў большасці выпадкаў), практыкаваць «каханне-гульню» або «эратычнае сяброўства» (пад ім разумелася «назапашванне любоўнай патэнцыі», што не перашкаджае грамадскаму і асабістаму жыццю партнёраў).
Такія погляды пачалі рэалізоўваць і на практыцы. Напрыклад, як пісаў Гужалоўскі, абсалютная свабода панавала на вечарынках, якія праводзіліся ў Магілёўскім медыцынскім тэхнікуме. Яны пачыналіся з невялікай культурнай праграмы, пасля якой ішлі танцы. «А потым у калідоры на другім паверсе, дзе пануе прадугледжаная кімсьці цемра, страбочуць і кахаюць маладыя акушоркі і фармацэўткі маладых хлапцоў», — абуралася ў 1928 годзе газета «Чырвоная змена». Сэкс быў галоўнай часткай праграмы закрытых вечарынак, якія ладзілі маладыя рабочыя і работніцы барысаўскай фабрыкі «Чырвоная Бярэзіна» (цяпер — ААТ «Барысаўдрэў»).
Як адзначаў Гужалоўскі, у канцы 1920-х у Мазырскай акрузе (на такія тэрытарыяльныя адзінкі тады дзялілася БССР) 15% камсамольцаў былі выключаныя з арганізацыі за «полавую распусту», у Бабруйскай і Барысаўскай акругах — каля 10%. У Смалявіцкім раёне многія камсамольцы спрыялі распаўсюду прастытуцыі. Адзін з іх з прозвішчам Ракаўшчык арганізаваў «группу бесплатного пользования девушек». У ячэйцы мясцовай партыйнай школы камсамолец (з маўклівай згоды сакратара) распаўсюджваў парнаграфічную літаратуру. Як адзначаў Гужалоўскі, «сэксуальная свабода моладзі прывяла да вялікай колькасці ранніх шлюбаў, разводаў, абортаў, згвалтаванняў і ў выніку — зламаных чалавечых лёсаў».
Але гэта быў адзін бок медаля. Іншым жа была свабода, якая панавала ў сэксуальнай сферы. Напрыклад, у 1920-м бальшавікі першымі ў свеце на дзяржаўным узроўні дазволілі аборты. У дваццатыя гады ў БССР не пераследавалі гомасэксуалаў, крымінальнаму пакаранню падлягала толькі гвалтоўнае мужаложства (фактычна гаворка ішла пра згвалтаванне) — вінаваты мог атрымаць пяць гадоў пазбаўлення волі. Таксама прадугледжвалася адказнасць, калі сэкс адбываўся з няпоўнагадовым.
За часамі Сталіна сэксу не было?
Перыяд эксперыментаў скончыўся на мяжы дваццатых-трыццатых гадоў. Тады паслярэвалюцыйная рамантыка сышла на нішто — пачаліся цяжкія будні: калектывізацыя, індустрыялізацыя і ўзмацненне рэпрэсій. Савецкае кіраўніцтва пачало закручваць гайкі ва ўсіх сферах жыцця: увялі пашпартную сістэму, пачалі барацьбу з «рэшткамі буржуазіі». Лагічна, што сэксуальная свабода таксама падышла да канца.
У эпоху Іосіфа Сталіна палітыка ў галіне сэксу была паслядоўнай, прадуманай і бязлітаснай:
- у 1933-м увялі адказнасць за полавы акт мужчыны з мужчынам незалежна ад узросту абодвух партнёраў і нават у выпадку добраахвотнага сэксу;
- у 1936-м забаранілі аборты;
- у тым самым 1936-м паставілі крыж на сэксуальным выхаванні (выйшла пастанова ЦК ВКПб «О педологических извращениях в системе Наркомпросов». Педалогія была напрамкам у педагогіцы, што ставіла мэту аб’яднаць падыходы розных навук падчас вывучэння развіцця дзіцяці — сярод іншага яна прадугледжвала і анкетаванне дзяцей, што дазваляла прааналізаваць звесткі пра іх развіццё, у тым ліку сэксуальнае);
- была ўведзеная забарона на абмеркаванне сэксу ў публічнай прасторы: у 1936−1961 гадах у Савецкім Саюзе выйшлі ўсяго дзве кнігі са згадкай у загалоўку слова «сэкс»;
- у 1943-м у буйных гарадах увялі асобнае навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак, каб скіраваць энергію полавога выспявання ў працэс навучання (такі падыход выкарыстоўваўся аж да смерці Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе).
Як пісаў вышэйзгаданы Аляксандр Гужалоўскі ў артыкуле «Больш не табу: лібералізацыя сэксуальнай культуры ў БССР перыяду хрушчоўскай адлігі», «у гэтых умовах вырасла пакаленне савецкіх людзей, у якіх сэксуальная цяга выклікала гаму складаных пачуццяў — ад агіды да страху. Яны перадавалі гэтыя пачуцці сваім дзецям, якім было ўласцівае суцэльнае сэксуальнае невуцтва. Асабліва „заціснутымі“ былі гарадскія падлеткі, у адрозненне ад іх вясковых аднагодак, якіх не адукоўвалі, але і не запалохвалі, у той час як ад юных гараджан хавалі абсалютна ўсё».
Нездарма людзі, якія выраслі ў сталінскую эпоху, ставілі на аповеды пра сэкс блок. Характэрны прыклад: на тэму сэксуальнага гвалту ў гады Другой сусветнай напісаныя сотні працаў на нямецкай мове, а вось на рускай іх няма — савецкія жанчыны не хацелі пра гэта гаварыць. Працы на гэтую тэму з’явіліся ўжо пасля распаду СССР.
Але сітуацыя, апісаная Гужалоўскім, была не адзінай праблемай. Як адзначаў літоўскі гісторык Томас Вайсета, у СССР фактычна мела месца «сэксуальная грамадзянская вайна», якая суправаджалася пастаянным канфліктам нормаў паводзін. З аднаго боку, «вызваленая» савецкая жанчына мусіла працаваць і ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, што і адбывалася. З іншага боку, за ёй усё гэтак жа замацоўвалася традыцыйная роля хатняй гаспадыні, якой даводзілася выхоўваць дзяцей, гатаваць і прыбіраць. То-бок на жанчыну клалася падвойная нагрузка. Адзначаныя Вайсетам тэндэнцыі замацаваліся ў савецкім грамадстве і захаваліся аж да распаду Саюза.
Такая сітуацыя была магчымай як мінімум з дзвюх прычын: праз патрыярхальнае выхаванне, якое атрымлівалі жанчыны (яны не ведалі альтэрнатывы такой мадэлі), а таксама праз пазіцыю дзяржавы. Напрыклад, у пачатку 1950-х гадоў адзін з савецкіх аўтараў прызнаў, што шлюб можа быць разбураны «смерцю, згасаннем або нетрываласцю адносін». Але тады яго раскрытыкавалі за стварэнне ўзаемасувязі паміж савецкай ячэйкай грамадства і «біялагічнымі фактарамі». Бо для разводу ў сацыялістычнай сям'і нібыта можа быць толькі адна прычына: партнёр аказаўся «нявартым» чальцом савецкага грамадства, які не робіць унёску ў яго развіццё. Развод з іншых прычын не вітаўся.
Пурытанства ўладаў і першыя змены ў грамадстве
Першыя касметычныя змены пачалі адбывацца пасля смерці Іосіфа Сталіна ў 1953 годзе. У 1954-м адмянілі крымінальную адказнасць за аборт без медыцынскіх паказанняў. У наступным годзе легалізавалі штучны выкідак, які можна было зрабіць у медыцынскіх установах на просьбу цяжарнай.
Але ў пытанні сэксуальнай арыентацыі ніякіх змякчэнняў не адбылося. Артыкул пра мужаложства (то-бок крымінальную адказнасць за гомасэксуальныя адносіны) існаваў практычна ўвесь савецкі час і не знік нават з распадам Савецкага Саюза: у Беларусі яго адмянілі толькі ў 1994-м. У пачатку дзевяностых гадоў прыводзіліся наступныя лічбы: штогод у СССР па гэтым артыкуле асуджалі ад 800 да 1400 чалавек, то-бок за 59 гадоў існавання закона пра мужаложства колькасць яго ахвяр, імаверна, перавысіла 60 тысяч (асобнай статыстыкі па Беларусі мы не знайшлі).

У цэлым улады па-ранейшаму баяліся гаварыць з людзьмі пра сэкс. Паводле сэксолага Ігара Кона, у школьных падручніках па біялогіі адсутнічала нават апісанне полавай сістэмы чалавека, а пра размнажэнне расказвалі на прыкладзе трусоў. Любая выява мужчынскіх або жаночых полавых органаў лічылася парнаграфічнай. І гэта не перабольшанне. Навуковец прыводзіў прыклад, калі адзін з яго аднадумцаў прывёз з Даніі школьныя падручнікі і паказаў іх сваім калегам па Інстытуце псіхіятрыі. Гэтага чалавека абвінавацілі ў распаўсюдзе парнаграфіі.
Інфармацыю пра сэкс грамадзяне — што дарослыя, што падлеткі — часцяком атрымлівалі выпадковым чынам. У 1960 годзе ў Маскве выйшаў пераклад кнігі ўсходненямецкага доктара Рудольфа Нойберта «Пытанні полу». Як адзначаў Гужалоўскі, «толькі ад азнаямлення са зместам гэтай кнігі ў беларускага чытача перахоплівала дыханне: у ёй былі раздзелы пад назвамі „Аб ласках“, „Палавыя зносіны“, „Папярэджванне цяжарнасці“ і нават „Палавыя вычвары“. Нешматлікія экзэмпляры выдання, якія дайшлі да Беларусі, былі вельмі хутка зачытаны да дзірак, на іх старонках з’явіліся шматлікія пазнакі і каментарыі».
Пазней з’явілася яшчэ адно выданне Нойберта — «Новая кніга пра шлюб». Нягледзячы на менш вострую тэму, улады ўсё роўна вырашылі перастрахавацца. Таму кнігу адкрывала ўступленне савецкага псіхолага Віктара Калбаноўскага, які выразна сфармуляваў галоўную задачу савецкага полавога выхавання — уратаваць моладзь ад сэксу. Дарослым, на думку Калбаноўскага, таксама варта было радзей ім займацца. «Неабходна адцягнуць увагу падрослай моладзі, якая ў большасці сваёй вучыцца, у бок пазнання розных з’яваў рэчаіснасці», — пісаў ён.
Усе гэтыя падзеі адбываліся на фоне сэксуальнай рэвалюцыі, якая ў 1960-я гады ахапіла заходні свет. На ўроках у школах у гэтых краінах сталі абмяркоўваць адносіны полаў, аборты і кантрацэпцыю. Як ні дзіўна, СССР паспрабаваў ісці ў нагу з часам. У пачатку 1960-х у савецкіх школах з’явіўся курс «Асновы савецкай сям'і і сямейнага выхавання». Але асноўны акцэнт у ім рабіўся на карысці сям'і як ячэйкі сацыялістычнага грамадства, сэксуальных адносін на ўроках не згадвалі. А ўжо ў 1965-м курс адмянілі.
У канцы 1960-х у савецкіх школах з’явіліся неаднаразова перавыдаваныя падручнікі па біялогіі, аўтаркай якіх была Ганна Цузмер. Але нават у іх версіі 1984 года не існавала раздзела пра будову жаночых і мужчынскіх полавых органаў. Усё пачыналася з апісання полавых клетак і апладнення, але як сперматазоіды на практыцы трапляюць да яйкаклеткі, заставалася загадкай. Выявы жаночай і мужчынскай полавых сістэм у разрэзе з’явіліся ў падручніках толькі да 1986-га.
Пры такім выхаванні і стаўленні грамадства да сэксу многія людзі па-ранейшаму мала што ведалі пра гэтую сферу — і гэта нярэдка прыводзіла да сямейных драмаў.
«У мяне аргазмаў у двух шлюбах не было. Другому мужу на восьмым годзе сумеснага жыцця прамармытала, маўляў, а не мог бы ты што-небудзь зрабіць, каб мне таксама ўдалося нешта адчуць? На што муж мне адказаў, што ў мяне нешта не так з фізіялогіяй. Праз тое, што сэксуальнае выхаванне адсутнічала, сэкс у шлюбе часта быў кепскім. Калі мужчына трапляўся без прыроднага таленту адчуваць сваю жанчыну, то дзяўчына магла пражыць і сем, і дзесяць гадоў, так і не разумеючы, што такое сэкс, і не ведаючы, што ён можа прыносіць задавальненне. Адсюль і гэты выраз савецкі: шлюбны доўг. Не было разняволенасці, ніхто не ведаў, як сябе паводзіць, — не мог ні прачытаць, ні на малюнках паглядзець, ні пачуць ад знаёмых», — расказвала адна з савецкіх жанчын.
Гэтая гісторыя не была прыватным прыкладам. Даследчык Валдэмарас Клумбіс прыводзіў наступную статыстыку: у Латвійскай ССР 60−65% жанчын былі фрыгіднымі (дэманстравалі поўную адсутнасць цікавасці да сэксу). Калі праводзіліся падлікі, навуковец не ўдакладніў, але з кантэксту можна меркаваць, што гаворка пра 1960−1980-я гады, калі сталі магчымыя такія сацыялагічныя даследаванні. З пэўнай нацяжкай гэтыя лічбы можна экстрапаляваць і на Беларусь, бо паміж абедзвюма рэспублікамі не было кардынальных адрозненняў у гэтай сферы. Дарэчы, сам Клумбіс досыць аргументавана тлумачыў такі высокі паказчык фрыгіднасці: паводле таго ж апытання, 80% латвійскіх жанчын наракалі на недахоп сэксуальных пешчаў. То-бок фрыгіднымі іх рабілі мужчыны.
Але такое пурытанства было характэрнае не для ўсіх жыхароў Саюза. Брытанскі гісторык сэксуальнасці Дэн Хілі пісаў, што ў 1960−1970-я гады ў СССР адбылася «рэвалюцыя інтымнасці». Праўда, найперш у прафесійным асяроддзі. Тады з’явіліся новыя дыскусіі пра сэкс у навуцы — напрыклад, працы Сяргея Голада. Апошні не мог наўпрост вывучаць сэксуальныя сімпатыі савецкіх людзей (гэтая тэма была табуяванай), а таму засяродзіўся на асаблівасцях шлюбных адносін у Ленінградзе (сучасны Санкт-Пецярбург).
Голад высветліў, што развод усё менш асуджаецца ў грамадстве, што ўсё больш жанчын імкнецца да сэксуальнага досведу да замужжа, а першы сэкс у савецкіх людзей адбываецца ўсё раней. Іншыя сацыёлагі пагадзіліся з яго ацэнкамі. Таксама яны пісалі, што маладыя людзі лёгка ўступалі ў пазашлюбныя сувязі, калі шлюб іх не задавальняў. Развод пераставаў успрымацца як кляймо. А дашлюбная цнатлівасць страчвала сур’ёзную сімвалічную каштоўнасць.
Аналагічная сітуацыя назіралася і ў Беларусі. «Цяпер модна круціць любоў з усімі <…>. Круці, пакуль круціцца», — апісвала жыхарка Віцебска норавы ў сваім горадзе ў 1965-м.
За пяць гадоў да гэтага, у 1960-м, у Мінск прыехаў 21-гадовы амерыканец Лі Харві Освальд, у будучыні — меркаваны забойца прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі. Запісы ў дзённіку сведчаць, што ён не скардзіўся на недахоп зносін з дзяўчатамі. «Іна [прозвішча напісана неразборліва]. Бландзінка, вучыцца ў кансерваторыі, з Рыгі. Я сустрэўся з ёй у 1960-м у Зігераў, яе сям’я (якая паслала яе ў Мінск), відавочна, заможная. Іне падабаецца моднае адзенне, добры абутак і бялізна. У кастрычніку 1960 г. мы сталі вельмі блізкімі адзін аднаму, што скончылася палавым актам 21 кастрычніка. Яна была нявінніца, мы сустракаліся такім чынам 4 ці 5 разоў, апошні — 4 лістапада 1960 г. Пасля заканчэння Мінскай кансерваторыі яна з’ехала з Мінска ў Рыгу», — цытуе Аляксандр Гужалоўскі дзённік Освальда.
Як падлічылі сацыёлагі (даследаванне 1968 года), полавыя адносіны да жаніцьбы мелі 62% мужчын і 55% жанчын СССР — гэта даволі нізкія лічбы для нашага часу, але высокія для краіны ў паслясталінскую эпоху. Да паўнагоддзя сэксам займаліся 14,5% дзяўчат і 52,5% хлопцаў. Першых ад гэтага стрымлівалі мараль і адсутнасць жадання, другіх — адсутнасць зручнага выпадку. «Гэта агульнасаюзная статыстыка пацвярджаецца беларускімі архіўнымі матэрыяламі. Так, вынікі праверкі рэспубліканскіх школ-інтэрнатаў, якая праводзілася ў канцы 1962 г., паказалі шматлікія дысцыплінарныя парушэнні, многія з якіх з’яўляліся насамрэч праявамі ранняй падлеткавай сэксуальнасці», — каментаваў гэтыя звесткі Гужалоўскі.
Сцэны з сэксуальным падтэкстам патроху пачалі пранікаць і на тэлебачанне. Напрыклад, у фільме «Брыльянтавая рука» ў акторкі Святланы Святлічнай раптам расшпільваўся станік, а ў Веры Алентавай у карціне «Масква слязам не верыць» былі відаць грудзі. Але такіх эпізодаў было вельмі мала — і кожны з іх рабіўся нагодай для дыскусій і абмеркаванняў сярод аўдыторыі, што толькі падкрэслівала ступень закрытасці гэтай тэмы.

Сітуацыя, якая склалася ў грамадстве, дазволіла савецкім сацыёлагам у 1960−1970-я гады ўпершыню загаварыць пра неабходнасць сэксуальнага выхавання, якое дапамагло б знізіць статыстыку разводаў, колькасць маці-адзіночак і бяздзетных параў. На жаль, безвынікова.
Перабудова і свабода
Сітуацыя крыху змянілася ў 1980-я. Пасля доўга перапынку ў школьную праграму нарэшце ўключылі адпаведныя курсы. У 1982-м у якасці эксперыменту для 9−10-х класаў з’явілася спецыяльная праграма «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця». З наступнага 1983 года ў восьмых класах пачалі вывучаць курс «Гігіенічнае і полавае выхаванне». Але навукоўцы ацэньваюць вынікі гэтых спробаў скептычна: паводле іх, курсы «не атрымалі шырокага распаўсюду з многіх аб’ектыўных прычын. Спроба скончылася няўдачай, а праблема засталася нявырашанай».
Для няўдачы было шмат прычын. У рэальнасці прадметы былі досыць кароткімі. Курс «Гігіенічнае і полавае выхаванне» складаў 12 гадзін, «Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця» — 34. Абмеркаваць за гэты час усе праблемы было нерэальна. Не хапала і спецыяльна падабраных матэрыялаў. Але галоўнае — ніхто не паклапаціўся пра падрыхтоўку саміх педагогаў. «Настаўнікаў наогул цяжка навучыць, а прымусіць жанчын-настаўніц, часта з неўладкаваным асабістым жыццём, казаць такія непрыстойныя словы, як „полавыя органы“ або „ананізм“, наогул немагчыма», — пісаў Ігар Кон. У выніку ў канцы 1980-х полавае выхаванне і этыку сямейнага жыцця ў школах зноў адмянілі.
Стымулам да сапраўдных пераменаў сталі палітычныя рэформы. У СССР пачалася перабудова, падчас яе праводзілася палітыка галоснасці, аслабла цэнзура, у выніку ў грамадстве змаглі абмяркоўваць самыя далікатныя тэмы.
Ужо ў 1980-я пачалі выдавацца кнігі для дзяцей пра тое, як уладкаванае цела чалавека, — прычым з малюнкамі.
Але галоўныя змены адбыліся ў СМІ і кіно. Напрыклад, аж да пачатку перабудовы ўлады рабілі выгляд, што прастытуцыі ў краіне не існуе. У 1986-м у газеце «Маскоўскі камсамолец» быў апублікаваны нарыс «Белы танец» пра «валютную прастытуцыю». У 1988-м бэстсэлерам стала аповесць Уладзіміра Куніна «Интердевочка», а праз год выйшаў аднайменны фільм. Вялікая рамантызацыя тэмы і аднабокасць яе прадстаўлення прывялі да таго, што валютная сэкс-праца трапіла ў дзясятку самых пажаданых прафесій падчас ананімнага тэставання старшакласніц ў Рызе і Ленінградзе.
У 1988-м на экраны выйшла карціна «Маленькая Вера», што сабрала ў пракаце 56 млн гледачоў. Такія паказчыкі не ў апошнюю чаргу тлумачыліся першай у савецкім кіно сэксуальнай сцэнай. З пункту гледжання дзевяностых нічога «такога» ў карціне не было: героі займаліся сэксам у адзенні, ды яшчэ і пад коўдрай. Але савецкаму гледачу зносіла дах нават ад гэтага.

Аналагічны прыклад звязаны з Беларуссю. У тым жа 1988-м выйшаў фільм Валерыя Рыбарова «Мяне завуць Арлекіна», зняты на «Беларусьфільме». Ён стаў самым папулярным беларускім фільмам за ўсю гісторыю: яго паглядзела 41,9 мільёна гледачоў. Запатрабаванасць карціны сярод іншага тлумачылася адной з першых нецэнзураваных сцэн сэксуальнага гвалту і ладнай колькасцю сцэн гвалту фізічнага — усяго таго, што было ў амерыканскім кіно і чаго не было ў «правільным» савецкім.
Канчатковая ж свабода ў сэксуальнай сферы прыйшла ў нашую краіну з распадам Саюза. «У 1991 годзе мы з жонкай у падземным пераходзе на Кастрычніцкай зрабілі першую эратычную выставу — з голымі цёткамі. Прадавалі білеты і зарабілі нармальна. У СССР не было ні эротыкі, ні парнаграфіі, ні***а не было! — успамінаў пісьменнік Адам Глобус. — Усё было табуявана. Калі [Віктар] Цой у фільме „Игла“ сказаў слова „трахаешся“, то гэта прагучала як выбух гранаты — проста уууух! І сэкс-рэвалюцыя была асноўнай прабіўной сілай. У нас у 90-я пачалі выходзіць кніжкі з эратычнымі анекдотамі, у кіёсках пачалі прадавацца відэакасеты з парнафільмамі. І ўсё раптам стала дазволена. І гэта спрацавала. Потым з’явіліся гей-клубы, „Лямбда-форум“, гей-прайды — дафіга ўсяго адбылося. І я лічу гэта вялікім дасягненнем з таго, што зрабіла маё пакаленне».
Чытайце таксама


