Каля 18 гадоў таму Алёна разам з сям’ёй змяніла месца жыхарства: з райцэнтра ў Мінскай вобласці пераехала ў нарвежскі горад Драмен. Адаптацыя ў гэтай краіне праходзіла складана: не хапала сяброў, камунікацыі, любімай працы ў музычнай школе. Але потым жанчына прывыкла і палюбіла Нарвегію за прыгожую прыроду, стаўленне ўладаў да людзей, даброты, на якія яна зарабіла на непрэстыжнай, але патрэбнай людзям працы — настаўніца па фартэпіяна стала санітаркай у доме састарэлых. Пра жыццё ў Скандынавіі, пошук працы, пацыентаў, якія могуць плюнуць і ўдарыць, Алёна расказала блогу «Людзі», а мы перадрукоўваем гэты тэкст.
«Было жаданне сабраць валізы і з’ехаць назад у Беларусь»
Родам Алёна з аднаго з райцэнтраў Мінскай вобласці. Яна адвучылася ў музычным вучылішчы, па тым самым профілі скончыла педуніверсітэт. У 20 гадоў выйшла замуж, нарадзіла сына, а пасля дэкрэту працавала ў музычнай школе — вучыла дзяцей граць на фартэпіяна. Маладую настаўніцу ў горадзе паважалі, дзеці і дарослыя падыходзілі да яе на вуліцы, каб павітацца і пагутарыць. Алёна кажа, што яе задавальняла такое жыццё і нічога мяняць яна не планавала. Абставіны і далейшае жыццё змяніліся ў пачатку нулявых — праз эканамічны крызіс у краіне муж Алёны з’ехаў працаваць у Нарвегію, там ён узаконіў сваё знаходжанне, пасля чаго, у 2004 годзе, яна разам з сынам таксама выправілася ў краіну ф’ёрдаў.
— Пасяліліся ўсе разам у Драмене (гэта горад за 40 км ад Осла. — Заўв. рэд.) у маленечкай кватэры-студыі, дзе туалет і душ дзялілі з суседзямі па паверсе — гэта быў практычна інтэрнат. Я пайшла на бясплатныя двухгадовыя курсы нарвежскай мовы (мне за іх яшчэ плацілі, як за працу), — успамінае Алёна.
Суразмоўніца прызнаецца, што «спачатку было вялікае жаданне сабраць валізы і з’ехаць назад у Беларусь». Нарвежская мова беларусцы давалася цяжка, а англійскай яна не ведала. У чужой краіне ёй было самотна, побач не было сяброў, здзіўляў незразумелы лад жыцця. Але неўладкаванасць і незадаволенасць кампенсаваліся выходнымі — сям’я выязджала за горад, каб палюбавацца чароўнай нарвежскай прыродай. Алёна ўспамінае, што навакольная прыгажосць напаўняла яе, давала энергію і сілу. У такія моманты яна разумела, што пераехала ў Нарвегію не дарма, але галоўнае — тут будзе добра яе сыну, у якога былі асаблівасці развіцця і інваліднасць.
«Камуна арганізавала сыну бясплатнае таксі, вазілі яго на вучобу і назад». Пра навучанне сына
— Сыну на момант пераезду ў Нарвегію было 11 гадоў. Тут ён пайшоў вучыцца ў спецыяльны цэнтр, а для лепшай адаптацыі да яго прыставілі асістэнта. Таксама мы атрымлівалі на яго дапамогу. Наогул, сацыялка для дзяцей, тым больш з інваліднасцю, тут вельмі моцная. Памятаю, праз занятасць я не паспявала адвозіць і забіраць сына з вучобы, дык камуна арганізавала яму таксі, якое вазіла яго туды-назад.
Забягаючы наперад, Алёна крыху сутыкнулася з адукацыяй для такіх людзей, як яе сын. Жанчына расказала, што з дзяцінства іх прывучаюць да самастойнага і актыўнага жыцця: паказваюць, як плаціць па рахунках, карыстацца транспартам, расказваюць, як працуюць розныя ўстановы, куды звяртацца, калі ёсць нейкія праблемы, і іншае. Ніхто не патрабуе высокіх ведаў па агульнаадукацыйных прадметах, хоць маме хацелася, каб хлопчык даваў ім рады лепш, бывала, нават пакрыквала яго.
— Памятаю, у школе ён паскардзіўся настаўніку, што я на яго крычу праз урокі. Пасля гэтага да нас дадому прыйшлі педагогі, глядзелі на абстаноўку дома, размаўлялі са мной. Я расказала, што мы з сынам канфліктуем праз кепска зробленае хатняе заданне. Каб нармалізаваць сітуацыю, школа прыняла рашэнне, якое мяне ўразіла: настаўнікі проста перасталі даваць сыну хатняе заданне.
Нягледзячы на такую лаяльнасць да вучняў у Нарвегіі, Алёна прызналася, што ў сферы адукацыі краіны ёсць моманты, якія ёй не падабаюцца. Да прыкладу, вельмі цяжка трапіць на заняткі да дзяржаўных вузкіх спецыялістаў, такіх як лагапед. А калі атрымаецца гэта «прабіць», то адведзеных заняткаў дзіцяці будзе недастаткова.
— Тут я ўспамінаю беларускі рэабілітацыйны садок, дзе з маім сынам пастаянна займаліся дэфектолагі, яму рабілі масажы, настаўнікі навучылі яго пісаць, лічыць. Менавіта там ён атрымаў неабходную базу.
Сёння сыну Алены 29 гадоў, яны жывуць разам. Жанчына кажа, што дарма перажывала наконт недастатковай руплівасці хлопца на ўроках: для жыцця ён атрымаў усе веды, якія яму неабходныя, а таксама засвоіў нарвежскую і англійскую мовы. Малады чалавек можа не працаваць, яму пажыццёва прызначылі пенсію, цяпер яна каля 2000 еўра (па курсе НБ Беларусі гэта каля 5800 рублёў). Але ўсё ж ён на некалькі гадзін у месяц ходзіць на спецыяльна арганізаваную ўладамі працу. Аплачваецца яна сціпла — заробак не большы за 200 еўра (каля 580 рублёў) у месяц, але такая праца неабходная не для зарабляння грошай, а для таго, каб заставацца ў соцыуме.

«Узяла і паступіла ў кансерваторыю»
— Я стамілася жыць у «інтэрнаце» ўжо праз паўгода пасля засялення, таму з мужам вырашылі купіць сваё жыллё. Сваёй нерухомасці ў нас не было, таму камуна выдала нам крэдыт, які цалкам пакрываў кошт набытай кватэры. Яго выдалі тэрмінам на 20 гадоў пад 3% гадавых.
Так у мужа і жонкі з’явіліся ўласныя апартаменты з дзвюма спальнямі, гасцёўняй, сталовым пакоем і кухняй. Яшчэ праз некалькі гадоў сям’я захацела ўласны дом. Іх кватэра на той момант добра падрасла ў цане, таму, прадаўшы яе, яны пагасілі крэдыт, а астатнюю ўнеслі ў якасці 30-працэнтнага ўнёску за дом, яшчэ на 70% кошту ўзялі крэдыт.
— Грошай на жыццё нам хапала: заробак мужа, дзіцячая дапамога, плюс я ўжо падзарабляла ў розных месцах. Часам мяне клікалі на замену ў музычную школу — вучыць дзяцей граць на фартэпіяна. Гэта было маёй аддушынай, ды і нарвежцы былі задаволеныя маёй працай. Я магла б там працаваць на поўную стаўку, але беларускага дыплома для гэтага было мала — патрэбны нарвежскі. Тады я ўзяла і паступіла ў кансерваторыю.
Алёна вучылася на спецыяльнасці, якую ўжо атрымала ў Беларусі. Навучанне было бясплатным і доўжылася два гады. У музычнай школе дыпламаванай беларусцы гатовыя былі даць працоўнае месца, але перамены ў асабістым жыцці зноў змянілі ход падзей.
— Адносіны з мужам вельмі сапсаваліся, і ўрэшце мы развяліся. Прадалі дом, грошы падзялілі напалову. Сын (ён ужо быў поўнагадовы) застаўся са мной. Праз гэтыя перамены я вельмі перажывала, правалілася ў дэпрэсію і проста не магла функцыянаваць. У такім стане пра працу ў школе не магло быць і гаворкі — адмовілася.
Пасля разводу Алёна з сынам пераехалі жыць у адрамантаваную кватэру плошчай 90 «квадратаў» — купілі яе за кошт грошай за прададзены дом і ўзялі крэдыт.
«Ляжачым мяняю памперсы, мыю іх, расчэсваю». Пра працу санітаркай
Жанчына расказала, што даволі доўгі час шукала для сябе пастаянную працу. Зыходзячы са свайго досведу яна зрабіла выснову, што ў Нарвегіі ўладкавацца на добрае месца складана — супрацоўнікаў бяруць з ліку сяброў, знаёмых і сваякоў. А калі чалавек не ведае нарвежскай мовы, не можа пацвердзіць адукацыю, атрыманую ў іншай краіне, або яго прафесія не запатрабаваная, то яго чакае некваліфікаваная фізічная праца, да прыкладу, на перапрацоўцы рыбы, сельскай гаспадарцы і ў іншых галінах.
Паводле звестак статыстычнага ўпраўлення Нарвегіі, у 2021 годзе заробкі работнікаў да выліку падаткаў (а яны тут прыкладна 30−40%) пачынаюцца прыкладна ад 28 000 крон у месяц (гэта каля 7860 беларускіх рублёў). Такія грошы атрымлівае падсобны рабочы ў жывёлагадоўлі, а вось падсобнік у будаўніцтве мае каля 36 480 крон (9963 рублёў). Работнікі крамы зарабляюць у сярэднім 36 770 крон (10 313 рублёў). Кіроўцы грузавікоў — каля 39 920 крон (11 197 рублёў). Персанал хуткай дапамогі — 46 680 (амаль 13,1 тыс. рублёў), бухгалтар — 54 820 крон (амаль 15,4 тыс. рублёў), адвакаты — 74 270 (амаль 20,9 тыс. рублёў), дактары агульнай практыкі — 75 340 крон (каля 21,1 тыс.). Больш за ўсё зарабляюць менеджары па здабычы нафты і газу, кіраўнікі ў дзяржкіраванні, гандлёвыя, суднавыя брокеры, фінансавыя брокеры, кіраўнікі ў страхавых і фінансавых кампаніях — ад 103 000 да 115 000 крон (каля 29−32 тыс. рублёў).
Праз некалькі гадоў пасля разводу, калі душэўны стан Алены нармалізаваўся, яна спрабавала ўладкавацца ў школу настаўнікам, але яе кандыдатуру кожны раз адхілялі. Чаму так адбывалася, жанчына можа толькі здагадвацца: магчыма, працадаўца хацеў бачыць на гэтым месцы маладзейшага супрацоўніка. У выніку беларуска знайшла працу ў доме састарэлых у Драмене, санітаркай, якая замяняе асноўных работнікаў. Каб на працу можна было дабірацца хутка і камфортна, жанчына купіла ў крэдыт новы VW Passat.
— Атрымаць гэтую працу можа чалавек без адукацыі, не патрэбныя і нейкія дадатковыя курсы. На мне догляд чатырох пажылых людзей, кожны з іх жыве ў асобным добраўпарадкаваным пакоі. Ляжачым мяняю памперсы, мыю іх, расчэсваю, мужчын галю, апранаю, прыводжу ў парадак ложак, кармлю, падымаю і перасаджваю ў інваліднае крэсла. А вось мыццё падлог і туалетаў — гэта ўжо не мая задача.
Жанчына кажа, што фізічна яе праца не цяжкая, няма такога, каб хтосьці з работнікаў сарваў сабе спіну, падымаючы пацыента. Для гэтага ў доме састарэлых ёсць спецыяльныя пад’ёмныя прылады (ліфты). Але на змене санітар не можа адпачыць, пасядзець — работнік увесь час у руху і чым-небудзь заняты.
— Мая праца больш цяжкая маральна. Трэба кантактаваць з пацыентамі з дэменцыяй, якія не адказваюць за свае дзеянні, яны могуць плюнуць, ударыць, кінуць што-небудзь у супрацоўнікаў, абразіць. Цяжка, калі пацыенты сыходзяць з жыцця, асабліва калі доўгі час даглядаеш чалавека.
«Нават калі супрацоўнік правініўся дзесяць разоў, звольніць яго не могуць»
Перыядычна да пацыентаў у дом састарэлых прыходзяць родныя. Алёна кажа, што часам з імі бывае складана. Блізкія вельмі скрупулёзна аглядаюць, як выглядае іх пажылы сваяк — ці прычасаны, памыты, паголены, ці добра ў яго запраўлены ложак, ці чысты ён, які стан у пакоі. Калі ім нешта не спадабаецца, то можа выбухнуць вялікі скандал, а супрацоўніка чакае размова з начальнікам.
— Але нават калі супрацоўнік правініўся хоць дзесяць разоў, звольніць яго з дзейнага прадпрыемства ў Нарвегіі не могуць. Таксама тут няма пакаранняў у выглядзе пазбаўлення часткі заробку. Усё, што яго чакае, — доўгія гутаркі з кіраўніцтвам, ну і стаўленне да супрацоўніка, які касячыць, не вельмі добрае.
Жанчына кажа, нягледзячы на тое, што нарвежскі закон стаіць на баку супрацоўніка, людзі часам страчваюць працу. Так можа адбыцца, калі прадпрыемства закрываецца праз банкруцтва. У такую сітуацыю трапляў былы муж Алены — мужчына мяняў працу шэсць разоў. Гэта асабліва цяжка, калі на чалавеку вісіць цяжар у выглядзе банкаўскага крэдыту, нейкіх абавязковых выплат.
Змена ў Алёны доўжыцца сем з паловай гадзін, часам дзяжурства выпадае і на ноч. За месяц на рукі яна атрымлівае заробак мінімум 2500 еўра (7141 рубель), але калі працаваць больш, то сума можа даходзіць да 4000−5000 еўра (11 426 — 14 282 рублі). Аднак жанчына дадатковую нагрузку браць не імкнецца, хіба што ў выключных выпадках, калі калегі хварэюць або ідуць у адпачынак.
Са свайго мінімальнага заробку ў 2500 еўра Алёна аддае за кватэру каля 1000 еўра, або 2856 рублёў (за крэдыт — 500 еўра, або 1428 рублёў, 400 еўра, або 1142 рубля, — на аплату камуналкі, прыкладна 100 еўра, або 285 рублёў, — за электрычнасць). Гэтыя выдаткі жанчына дзеліць напалову з сынам. За крэдыт на машыну — 250 еўра (714 рублёў), на паліва — 200 еўра (571 рубель). Сын і Алёна харчуюцца разам, жанчына аддае за прадукты 250−300 еўра, або 714−856 рублёў (такая ж сума ў хлопца). Таксама яна адкладае на адпачынак каля 100−200 еўра (285−571 рубель). Астатнія 500−600 еўра разыходзяцца на тавары для дома, адзенне і розную дробязь.
— Санітаркі, прыбіральшчыцы тут заўсёды патрэбныя. Мінулым летам работнікаў у нас вельмі не хапала — хтосьці захварэў, хтосьці сышоў у адпачынак. Камуна запрашала на часовую працу і плаціла велізарныя грошы — за дзень людзі маглі атрымаць 700 еўра, надбаўкі былі за ўсё: праца ў выходны, у адпачынак, у спякоту.
«Наўрад ці я змагла б зарабіць настаўнікам у нашай школе такія грошы»
Пасля працы Алёна вяртаецца дадому, і гадзіны дзве ёй патрабуецца на адпачынак. Але доўга без рухаў, эмоцый і зменлівай карцінкі яна не можа. Каб павесяліць сябе і іншых, жанчына завяла канал у TikTok, куды выкладвае відэа пра Нарвегію, смешныя сюжэты і дзеліцца інфармацыяй пра жыццё ў краіне.
@veselushkaalena #Норвегия #Жизнь #Смотреть ♬ оригинальный звук — VeselushkaAlena
— Вельмі люблю клікаць гасцей. У мяне ёсць сябры, яны родам з краін былога СССР, а цяпер жывуць у Нарвегіі, збіраемся разам, размаўляем, смяёмся, гаворым толькі на рускай. З імі вельмі ўтульна, душэўна.
Настальгія па радзіме Алёну ўжо не мучыць, але яна часам прыязджае ў родны горад, каб наведаць блізкіх. Жанчына вельмі любіць падарожнічаць і за апошнія гады шмат дзе пабывала: у Іспаніі, Грэцыі, Ісландыі, на Мальце, Кіпры.
— Пасля разводу з мужам я магла б вярнуцца назад у Беларусь, але вырашыла гэтага не рабіць. Наўрад ці я змагла б зарабіць у Беларусі настаўнікам у нашай школе або той жа санітаркай такія грошы, як у Нарвегіі, і дазволіць сабе жыць у добрай кватэры, ездзіць на новай машыне і падарожнічаць па свеце.