Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Лукашэнка паскардзіўся, што яго ў Расіі «перыядычна» абвінавачваюць ва «ўтрыманстве», і прывёў свае аргументы, чаму гэта не так
  2. «Занадта блізкі да Украіны». Трамп адхіліў галоўнага прадстаўніка ЗША на перамовах праз прэтэнзіі Крамля — СМІ
  3. Прадстаўнік Крамля: Масква супраць часовага перамір'я
  4. «Я бы сделала это и бесплатно». Поговорили с беларуской, которая сыграла в фильме, получившем пять наград на «Оскаре»
  5. Путин согласен с предложением прекратить боевые действия в Украине, «но есть нюансы»
  6. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным завысіў яўку на мінулых выбарах і колькасць галасоў у сваю падтрымку
  7. Калі ў Польшчы жанчына нараджае без мужа, гэта здзіўляе. Гінеколаг з'ехала з Беларусі пасля пратэстаў, а цяпер да яе стаяць чэргі ў Польшчы
  8. Троллейбусная сеть Минска — крупнейшая в мире. Почему от этого транспорта отказываются во многих странах, несмотря на экологичность?
  9. Улады перажываюць праз адток моладзі і думаюць, як яе ўтрымаць. Расказваем пра ідэі з закрытага дакумента (вам не спадабаецца)
  10. Мобильные операторы анонсировали изменения. Есть предупреждение для клиентов — важно сделать одно действие, чтобы не остаться без связи
  11. Вырашылі праверыць інфармацыю ад BYPOL і паспрабавалі ўладкавацца ў дзяржарганізацыі з подпісам за Бабарыку. Расказваем, што з гэтага выйшла
  12. Эксперты проанализировали вчерашнее согласие Путина на прекращение огня, но «с нюансами» — вот их выводы
  13. Чыноўнікі шмат разважаюць, што зрабіць, каб медработнікі не з'язджалі з краіны. Медсястра з мінскай бальніцы дала ім просты адказ
  14. Кіроўцы аўтобусаў сцвярджаюць, што на мяжы з Літвой «трасуць жорстка». Ці павялічыўся час праходжання?
Читать по-русски


Стаўленне ўкраінцаў да беларусаў рэзка пагоршылася пасля пачатку поўнамаштабнай вайны і працягвае істотна пагаршацца. Пра гэта сведчаць дадзеныя апытанняў украінскай Сацыялагічнай групы «Рэйтынг»: у красавіку мінулага года да беларусаў ставіліся холадна толькі 4% апытаных украінцаў, у красавіку 2022 года — 33%, у жніўні — 52%. Аб тым, што стаiць за гэтымi лiчбами, разважае Юрый Дракахруст.

Юрый Дракахруст

Аглядальнік беларускай службы «Радыё Свабода».

Кандыдат фізіка-матэматычных навук. Лаўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў за 1996 год. Журналісцкае крэда: не плакаць, не смяяцца, а разумець.

Блог Юрыя Дракахруста на сайце «Радыё Свабода»

Гэтыя дадзеныя блізкія да вынікаў, атрыманым іншым украінскім даследчым цэнтрам — Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі (КМІС). У травеньскім 2022 года апытанні КМІС 68% украінцаў паведамілі, што з пачатку поўнамаштабнай вайны іх стаўленне да беларусаў пагоршылася. Праўда, пры гэтым толькі 48% апытаных сказалі, што ставяцца да беларусаў дрэнна, а 44% — што добра.

48% негатыўнага стаўлення ў апытанні КМІС у траўні, 52% такога ж стаўлення ў «Рэйтынгу» ў жніўні — гэта практычна аднолькавыя паказчыкі.

На першы погляд, пагаршэнне стаўлення пасля першага этапу ваенных дзеянняў не зусім вытлумачальна. У лютым-сакавіку з тэрыторыі Беларусі дзясяткі тысяч расійскіх вайскоўцаў нападалі на прымежныя вобласці Украіны, у тым ліку і на Кіеў, менавіта тады была найбольшая інтэнсіўнасць ракетных абстрэлаў і авіяналётаў на Украіну з беларускай зямлі.

З канца сакавіка сухапутныя напады на Украіну з Беларусі спыніліся, была паўза і ў ракетных і авіяўдарах да чэрвеня, калі яны аднавіліся і працягваюцца да гэтага часу.

Аднак пагроза часам мацнейшая за выкананне. Ні заявы беларускіх уладаў, ні звесткі аб дыслакацыі расійскіх войскаў і тэхнікі ў Беларусі не сведчылі аб тым, што паўтарэння нападаў не будзе. Бесперапынны каскад вучэнняў беларускіх узброеных сіл у прымежных з Украінай абласцях, агрэсіўная антыўкраінская рыторыка і Лукашэнкі, і беларускай прапаганды фармавалі ва ўкраінцаў адчуванне нарастання пагрозы, прычым пагрозы не толькі паўтарэння расійскіх нападаў, але і ўступлення ў вайну беларускай арміі.

Традыцыйна ўкраінскія сацыёлагі фіксуюць рознае стаўленне да палітычных пытанняў усходу і захаду краіны. Па словах кіраўніка «Рэйтынгу» Аляксея Анціповіча ў дачыненні да Беларусі і беларусаў водападзел ацэнак іншы — поўнач-поўдзень. Чым бліжэй рэгіён Украіны да беларускай мяжы, тым горшае ў ім стаўленне да беларусаў. Менавіта ў гэтыя рэгіёны ляцелі і ляцяць расійскія ракеты з беларускай зямлі, менавіта па гэтых абласцях прыйдзецца першы ўдар расійскай, а можа быць і беларускай арміяў у выпадку новага сухапутнага ўварвання з поўначы.

У Беларусі даволі распаўсюджанае «асветніцкае» тлумачэнне пагаршэння стаўлення ўкраінцаў да беларусаў, маўляў, паўднёвыя суседзі не ведаюць, не разумеюць Беларусь, колькі гадоў у іх Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам. Гэтае тлумачэнне як мінімум недастатковае. Масамі рухаюць не столькі веды і рацыё, колькі жарсці і каштоўнасці. Гэта і ў мірны час так, і тым больш у час вайны.

Ці наўрад жыхары поўначы Украіны істотна меней дасведчаныя аб палітычных перыпетыях у паўночнай суседкі, чым жыхары ўкраінскага поўдня. Проста на поўначы мацней адчуванне пагрозы, а яна на стаўленне ўплывае куды больш істотна, чым любыя веды ці няведанне. І чым мацнейшае адчуванне пагрозы, тым горш стаўленне да народу, які насяляе зямлю, з якой гэтая пагроза зыходзіць.

Са справаздачы пра жнівеньскае апытанне «Рэйтынгу» вынікае, што адносна самае цёплае стаўленне да беларусаў у апытаных сярэдняга ўзросту — 36−51 год, а ў моладзі і рэспандэнтаў сталага веку яно прыкладна аднолькава халоднае. Зрэшты, адрозненні невялікія і баланс ацэнак адмоўны ва ўсіх узроставых групах.

Паводле дадзеных апытання рускамоўныя ўкраінцы ставяцца да беларусаў крыху цяплей, чым украінамоўныя, хаця і тут баланс ацэнак у абедзвюх групах адмоўны.

Ці можна сказаць, што ўкраінцы сярэдняга ўзросту і расейскамоўныя больш ведаюць пра пратэсты 2020 года ў Беларусі, пра «рэйкавых партызанаў» і полк Каліноўскага, пра дзясяткі беларусаў, кінутых за краты за антываенныя пратэсты? Гэта ні з чаго не вынікае. Веда або няведанне аб палітычных рэаліях Беларусі безумоўна з’яўляецца фактарам, які вызначае стаўленне да паўночных суседзяў, але не вырашальным.

Не ваюе беларускае войска на ўкраінскай зямлі — вось таму стаўленне да беларусаў і лепшае, чым да расіян. Не ўсеяныя вуліцы беларускіх гарадоў знакамі Z і V, не дэкларуюць вядомыя беларускія дзеячы культуры прыхільнасць «спецыяльнай ваеннай аперацыі» — у выніку стаўленне да беларусаў не такое дрэннае, якім магло б быць.

Цікавыя суадносіны адзнак у травеньскім апытанні КМІС: 68% сказалі, што іх стаўленне да беларусаў пагоршылася, але толькі 48% паведамілі, што яно ў іх дрэннае. Гэта значыць, у пятай частцы ўкраінцаў яно пагоршылася, але не настолькі, каб стаць дрэнным.

Жнівеньскае, як і папярэдняе красавіцкае, апытанне «Рэйтынгу» паказала, што стаўленне ўкраінцаў да беларусаў лепшае, чым да расіян, але горшае, чым да жыхароў самаабвешчаных ЛНР і ДНР, а таксама Крыма.

Пры тым, што жыхары гэтых тэрыторый ваююць супраць Украіны, а беларускае войска — не. Але для ўкраінскай масавай свядомасці гэтыя тэрыторыі акупаваныя, а Беларусь — не, у Крыме, у Данецку і ​​Луганску жывуць у некаторым сэнсе свае, такія ж украінцы, а беларусы — не свае і ўжо дакладна не ўкраінцы.

Гэтыя ўяўленні — не ўсеагульныя, але дамінантныя і такія, якія вызначаюць стаўленне.

Фото: Reuters
Фото: Reuters

У Беларусі існуе меркаванне, што рэзкае пагаршэнне стаўлення ўкраінцаў да беларусаў тлумачыцца інфармацыйнай палітыкай Кіева, а кажучы папросту, украінскай прапагандай. Але, па-першае, інфармацыйны парадак дня ва Украіне ў гэтым пытанні нельга назваць сфакусаваным. Пра віну Лукашэнкі гаворыцца наўпрост і недвухсэнсоўна, пра дзяржаву Беларусь як пра суагрэсара — таксама. А вось у пытанні адказнасці народа, людзей, такой адназначнасці няма — на слова аб віне прыходзіцца слова аб невінаватасці, аб антываенных настроях у Беларусі і ў беларускай арміі ў тым ліку.

А, па-другое, прапаганда можа ўзмацняць устаноўкі, яна іх заўсёды эксплуатуе, але яна іх не стварае. І першаснае ў дадзеным выпадку масавае, народнае стаўленне. А ягоны механізм просты і нязменны з пачатку існавання чалавецтва: ваша племя дапамагае іншаму нападаць на наша — вы вінаватыя. Як бачым па дадзеных апытанняў, такое стаўленне не ўсеагульнае, але шырока распаўсюджанае.

Згодна з згаданым вышэй травеньскім апытаннем КМІС 83% украінцаў лічаць Беларусь саўдзельніцай ваеннага канфлікту ва Украіне.

І хейт адносна беларусаў у сацыяльных сетках — гэта не толькі праца расійскіх троляў, не толькі выбухі эмоцый неўраўнаважаных карыстальнікаў, гэта і адлюстраванне масавага негатыўнага стаўлення, прычым такога, якое стала негатыўным вельмі хутка.

А ў беларусаў ацэнкі іншыя. У травеньскім апытанні Беларускай аналітычнай майстэрні 62% апытаных беларусаў адказалі, што іх краіна не зʼяўляецца ўдзельніцай ваеннага канфлікту ва Украіне, і 32% — што зʼяўляецца. Матывацыі такіх адносін розныя — ад «я вам пакажу, адкуль На Беларусь рыхтавалі напад» да «Лукашэнка нелегітымны, гэта яго вайна, беларусы ні пры чым». Аднак фактам зʼяўляецца практычна люстэркава супрацьлеглыя адказы двух грамадстваў нават на гэтае «простае» пытанне.

Што рабіць у такой сітуацыі канфлікту грамадзкай думкі двух народаў? Мабыць, адказ — не распальваць агонь узаемнай нянавісці, не раскручваць спіраль яе эскалацыі. Цяперашняя нелюбоў украінцаў да беларусаў наўрад ці можа хутка вярнуцца да ранейшых сімпатый. Думаю, што і беларусы наўрад ці могуць зараз скінуць Лукашэнку і спыніць расійскую агрэсію. Яны нават наўрад ці гатовы да ўсеагульнага пакаяння перад украінцамі.

Але прынамсі не паглыбляць прорву, якая пралягла паміж беларускім і ўкраінскім народамі — гэта па сілах кожнаму.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.