Беларусы адчуюць на сабе пабочныя наступствы ад уведзеных санкцый супраць Мінска — хутчэй за ўсё, яны ўзрадуюць. Лукашэнка падпісаў указ
30 снежня 2024 у 1735555020
Іван Зверабой / «Зеркало»
Аляксандр Лукашэнка 30 снежня падпісаў указ, які датычыць кампенсацыі выдаткаў на куплю кацельнага абсталявання на пелетах. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе палітыка. Тое, што такую льготу ўвядуць, напярэдадні анансаваў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.
Як паведамляецца, дакумент прынялі для таго, каб павялічыць выкарыстанне пелетаў насельніцтвам. Указам уводзяць магчымасць атрымаць кампенсацыю да 40% выдаткаў на куплю такога кацельнага абсталявання. Але сума кампенсацыі не можа перавышаць 120 базавых велічынь. Цяпер гэта 4800 рублёў, а з 1 студзеня 2025 года будзе 5040 рублёў.
Але ёсць умова: кацёл мусіць быць выраблены ў Беларусі ці ў краінах Еўразійскага эканамічнага саюза - Арменіі, Казахстане, Кыргызстане ці Расіі.
«Кампенсацыя выдаткаў будзе праводзіцца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў аднаразова на набыццё кацельнага абсталявання для цеплазабяспечання аднаго жылога дома, не забяспечанага цэнтралізаваным газазабяспечаннем і (або) цеплазабяспечаннем», - паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Указ запрацуе праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання.
Нагадаем, беларускія паліўныя пелеты трапілі пад абмежаванні Еўрасаюза - раней іх актыўна куплялі ў Літве, Польшчы і Даніі. У гэтай сітуацыі прадпрыемствам дрэваапрацоўкі даводзілася шукаць альтэрнатыўныя рынкі збыту. «Мы працуем над тым, каб знайсці альтэрнатыву Еўрапейскаму саюзу», - казалі ў 2022 годзе ў канцэрне «Беллеспаперапрам».
Чытайце таксама