Ці праўда, што краіны Балтыі выміраюць, а Беларусь на іх фоне квітнее? Мы падрабязна разабраліся з галоўнымі лічбамі — і вось што даведаліся
6 мая 2024 у 1714998600
«Зеркало»
Беларуская прапаганда, як і расійская, ужо даўно стварае негатыўны вобраз Латвіі, Літвы і Эстоніі. Часцей за ўсё гаворка ідзе пра тое, што гэтыя краіны выміраюць, бо з развалам СССР там развалілася і прамысловасць, а ўнутры іх толькі беспарадак і запусценне. Дзяржмедыя дазваляюць сабе называць улады гэтых дэмакратычных дзяржаваў «пранацысцкімі рэжымамі» і сцвярджаюць, што, напрыклад, Літву ператвараюць у «канцлагер». Беларусь жа супрацьпастаўляецца краінам Балтыі: маўляў, у нас захавалі савецкую спадчыну і ўсё добра. Мы вырашылі разабрацца, як насамрэч выглядае нашая краіна ў параўнанні з Латвіяй, Літвой і Эстоніяй - якія, дарэчы, нядаўна адзначылі дваццацігоддзе ўваходжання ў Еўрасаюз.
«Выміраты», якія ўжо не выміраюць, - і краіна пераможнай стабільнасці
Краіны Балтыі прапагандысты вельмі часта называюць "выміратамі" - праз тое, што там змяншаецца колькасць насельніцтва. Але, па-першае, не ва ўсіх трох краінах колькасць жыхароў цяпер змяншаецца. Па-другое, там не адбываецца нейкага асаблівага «вымірання» - гэта проста штамп.
Ключавы фактар у пытанні дэмаграфіі і для краін Балтыі, і для Беларусі, і ў цэлым для ўсёй Еўропы - гэта іміграцыя, то-бок пераезд у краіну новых жыхароў. Бо ў цэлым па кантыненце практычна ва ўсіх краінах назіраецца натуральнае змяншэнне насельніцтва - таму што смяротнасць перавышае нараджальнасць. Адпаведна, устойлівы рост колькасці жыхароў захоўваецца ў тых краінах Еўропы, якія найбольш прывабныя для прыезджых.
Вось якая афіцыйная колькасць насельніцтва ў нас і ў краінах Балтыі на пачатак 2024 года:
- Беларусь - 9,16 мільёна жыхароў;
- Літва - 2,88 мільёна жыхароў;
- Латвія - 1,87 мільёна жыхароў;
- Эстонія - 1,37 мільёна жыхароў.
Колькасць насельніцтва ўсіх краін Балтыі змяншалася з моманту аднаўлення імі незалежнасці ў 1990 годзе, а колькасць жыхароў Беларусі змяншалася з 1994 года (паводле звестак Белстата і статыстычных ведамстваў Латвіі, Літвы, Эстоніі). Да таго моманту яно расло - у тым ліку праз тое, што многія беларусы вярталіся на радзіму пасля распаду Савецкага Саюза. Пазней у нас назіраўся кароткатэрміновы ўздым колькасці насельніцтва ў 2014−2017 гадах (за гэты тэрмін яна вырасла прыкладна на 27 тысяч чалавек), які як мінімум часткова можна звязаць з міграцыяй жыхароў Украіны праз распачатую расійскую агрэсію, аднак агулам за 30 гадоў толькі паводле афіцыйных звестак (чаму гэта важны момант, мы яшчэ скажам) Беларусь страціла больш за 1 мільён і 87 тысяч чалавек - гэта больш чым 10,6% ад колькасці насельніцтва 1994 года.
У Літве скарачэнне насельніцтва (праўда, за даўжэйшы тэрмін - з 1990 года) склала 22%, або каля 870 тысяч чалавек. Латвія за гады адноўленай незалежнасці страціла мільён жыхароў, або каля траціны. Эстонія страціла 200 тысяч ад свайго калісьці больш чым паўтарамільённага насельніцтва, то-бок крыху вышэй за 12%.
Скарачэнне ва ўсіх трох краінах значнае і сапраўды пагрозлівае, але, як відаць, усюды рознае. І стабільнае падзенне назіраецца толькі ў Латвіі, дзе нават абмяркоўваюць стварэнне новага Міністэрства дэмаграфіі і сямейных справаў. У Эстоніі насельніцтва апошнія некалькі гадоў расце - з 2020-га колькасць жыхароў гэтай краіны павялічылася прыкладна на 35 тысяч, то-бок на тры з паловай Валожына або на цэлы Шчучын. У Літве за 2023-і ўпершыню за доўгі час колькасць жыхароў таксама вырасла - прычым адразу на 29 тысяч чалавек. «Дапамаглі» ёй у гэтым акурат беларуская ўлада, якая рэпрэсуе сваіх грамадзян, і Расія, што ваюе з Украінай: рост адбыўся ад прытоку мігрантаў. Сярод работнікаў-замежнікаў у гэтай краіне першыя два месцы па колькасці займаюць 47,7 тысячы беларусаў і 44,8 тысячы ўкраінцаў.
З чатырох пералічаных краін, паводле звестак ААН, Беларусь на сёння другая з канца па нараджальнасці - ніжэйшая толькі Латвія. А вось узровень смяротнасці толькі ў Эстоніі ніжэйшы за наш. Дарэчы, мяркуючы са статыстыкі, менавіта гэтая краіна лепш за ўсіх перажыла пандэмію. Тут яшчэ важна адзначыць беларускія маніпуляцыі з «кавіднымі» лічбамі і незразумелую сітуацыю з міграцыяй. Так, з нашай краіны, паводле заявах чыноўнікаў МУС, з'ехалі сотні тысяч чалавек, але ў звестках Белстата гэтага не відаць. То-бок з беларускай статыстыкай адбываюцца загадкавыя рэчы - важную яе частку хаваюць ад людзей.
У цэлым працэсы змены структуры насельніцтва ў Беларусі і трох балтыйскіх краінах ЕС падобныя. Але ў апошніх вось ужо больш за дваццаць гадоў грае вялікую ролю эміграцыя жыхароў у іншыя краіны Еўрасаюза. Галоўная прычына ад'ездаў - магчымасць зарабляць больш. Папулярныя напрамкі - гэта Вялікабрытанія, Нарвегія, Ірландыя, Германія. Але цяпер у гэтым пытанні праглядаюцца паляпшэнні - і ў Эстоніі, і нават у Латвіі, дзе некалькі гадоў таму ўпершыню зраўнялася колькасць тых, хто з'язджае і вяртаецца ў краіну. У Літве ў апошнія гады назіраецца тая ж сітуацыя.
І калі краіны Балтыі могуць разлічваць на значны прыток мігрантаў (у тым ліку тых, хто раней з'ехаў зарабляць), то Беларусь - наўрад. Нашая краіна - наадварот, донар для суседніх дзяржаваў. Напрыклад, беларусы ўжо робяць найбольшы ўнёсак у рост колькасці замежнікаў, якія працуюць у Літве.
Але, мабыць, важнейшае тое, што ў нашых краінах-суседках хаця б кажуць пра свае праблемы і дрэнныя прагнозы на будучыню, у той час як у Беларусі прапаганда нічога не паведамляе наконт аналагічнай сітуацыі ў сябе, але рэгулярна згадвае краіны Балтыі, пераконваючы людзей, што там кепска і няма будучыні. У той жа час пра рэальную сітуацыю з «выміраннем» Беларусі можна даведацца толькі выпадкова - напрыклад, з фота раённай газеты са статыстыкай стабільнага змяншэння колькасці жыхароў рэгіёна.
Суседзі зарабляюць у разы больш, чым беларусы
Мова грошай, напэўна, больш зразумелая, чым статыстыка і яе каэфіцыенты. Калі параўнаць заробкі чатырох краін, то Беларусь будзе ў канцы спісу. Паводле афіцыйных звестак, беларусы ў сярэднім зарабляюць каля 1859 рублёў (афіцыйная сярэдняя зарплата 2 161,1 рубля мінус падаходны падатак і працэнт ФСАН), або 536 еўра паводле курсу Нацбанка, ліўтоўцы - 1304 еўра «чыстымі», латвійцы - 1119 еўра, эстонцы - каля 1500 еўра (брута-зарплата мінус падаткі і вылікі). Праўда, і цэны ў балтыйскіх краінах крыху вышэйшыя - але зусім не настолькі, наколькі вышэйшы заробак.
Як не ўсе беларусы атрымліваюць амаль 1900 рублёў, так і не ўсе жыхары краін Балтыі зарабляюць больш за тысячу еўра, сярэдні заробак - рэч умоўная. Але ёсць стабільная велічыня - мінімальная зарплата, то-бок сума, менш за якую за працу па поўнай занятасці плаціць нельга па законе. У Беларусі яна складае 626 рублёў, або 181 еўра. У балтыйскіх краінах сумы вышэйшыя ў разы. Так, у Літве гэта 924 еўра, у Латвіі - 700 еўра, у Эстоніі - 820 еўра. Як мы ўжо адзначалі, мінімальны заробак у беларускіх заходніх суседзяў вышэйшы, чым афіцыйна агучаны сярэдні заробак у нашай краіне.
Што да розніцы ў цэнах, то літоўцы, латвійцы і эстонцы выдаткоўваюць на ежу каля 20% даходаў, а беларусы - амаль у два разы больш. І гэта нягледзячы на агульную для рэгіёна высокую інфляцыю, якую ў нашай краіне вырашана было ўтаймаваць.
Хто разваліў прамысловасць і разбазарыў савецкую спадчыну
«Савецкую спадчыну знішчылі, а на руінах так нічога і не пабудавалі», - такі наратыў прапаганды пра эканоміку ў краінах Балтыі. Аднак, напрыклад, у Літве за гады адноўленай незалежнасці вырасла занятасць людзей, і цяпер большасць працуе ў прамысловасці, гандлі, лагістыцы, сферы паслуг, а не ў сельскай гаспадарцы, як раней. Прамысловасць у Літве цяпер дае 20% валавага прадукту, прыкладна такі ж паказчык і ў Латвіі з Эстоніяй - Беларусь недалёка адышла са сваімі 27%.
У пачатку дзевяностых у краінах Балтыі сапраўды заставаліся буйныя прадпрыемствы савецкага часу, якія неўзабаве закрыліся. Але гэта былі прадукты гіпертрафаванай эканомікі СССР, дзе «вытворчасць вызначалася не дынамікай попыту-прапановы, а бюракратызмам установаў планавай эканомікі, у якой роля грошай другарадная».
Напрыклад, пра легендарны латвійскі завод электронікі VEF, які закрыўся ў канцы 1990-х, пішуць наступнае: «Колькасць рабочых на гэтым прадпрыемстве, як, зрэшты, і на іншых, была штучна разадзьмутая, бо квітнела дармаедства і канцэпцыя "ўсеагульнай занятасці"». Гэта нагадвае сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, дзе вырашылі не адмаўляцца ад савецкіх практык і фінансава падтрымліваюць дзяржсектар, каб проста захоўваць занятасць насельніцтва. У краінах Балтыі на змену зніклым старым кампаніям прыйшлі сучасныя.
Акрамя таго, у краінах Балтыі без калгасаў, якія засталіся ў Беларусі, не развалілася сельская гаспадарка. У 2023-м беларускія чыноўнікі зрабілі справаздачу, што намалацілі звыш 6,2 млн тон збожжавых і зернебабовых культур. У той жа час статыстыка Літвы паказвала, што там збожжавых (без бабовых) сабралі каля 5,4 млн тон. Вось толькі Беларусь больш чым у тры разы пераўзыходзіць суседку па насельніцтве і ў два - па плошчы ворных зямель.
Іншая важная лічба - унутраны валавы прадукт на душу насельніцтва з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці. Гэта характарыстыка, якая вызначае ўзровень эканамічнага развіцця краіны з папраўкай на кошт жыцця там. Беларусь, паводле статыстыкі, адстае ад усіх трох краін Балтыі - Латвію з паказчыкам у 41,6 тысячы даляраў нашая краіна пераследуе са сваёй сціплай сумай у 22,5 тысячы. У топе з усіх чатырох краін знаходзіцца Літва з яе амаль 51 тысячай даляраў.
Чаму ў краінах Балтыі дакладна лепш
Лічбы могуць не адлюстроўваць адчуванняў ад жыцця ў Беларусі, Літве, Латвіі ці Эстоніі. Бо трэба ўлічваць і іншыя фактары - напрыклад, палітычнае жыццё. Але і тут беларуская прапаганда знайшла выхад: улады суседніх дзяржаваў называюць «пранацысцкімі рэжымамі», а ў Следчым камітэце супраць службовых асоб Літвы і Латвіі нават распачалі крымінальную справу па пяці артыкулах. У нядаўнім паведамленні ведамства гаворыцца, што «працягваецца расследаванне злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва» ў сувязі з мігрантамі на мяжы, якія спрабуюць прарвацца з Беларусі ў ЕС і гінуць на гэтым шляху. А «галодныя латышы» нават сталі рэгулярнай тэмай сатырычнага тэлеграм-канала «Советская Белоруссия».
Аднак насамрэч «рэжымам», хутчэй, можна назваць створаную Лукашэнкам мадэль кіравання з жорсткай вертыкаллю ўлады, дзе ім прызначаюцца ўсе хоць неяк важныя людзі - і кіраўнікі раёнаў, і рэктары ВНУ, і кіраўнікі буйных прадпрыемстваў. У краінах Балтыі такога няма. З моманту аднаўлення незалежнасці пасля распаду СССР яны з'яўляюцца дэмакратычнымі дзяржавамі, у адрозненне ад Беларусі, дзе ўжо амаль 30 гадоў ва ўладзе знаходзіцца адзін і той жа чалавек, «пераабрання» якога даўно не прызнаюць на Захадзе.
Заробкі, цэны і ВУП - рэчы адносныя, а вось парламент суседняй краіны, які можа выступіць супраць прэзідэнта і не ўхваліць абмежаванні для беларусаў, нягледзячы на вета апошняга, - гэта найважнейшая рэч, якая дазваляе грамадзянам адчуваць сябе бяспечна. Ні ў адной з краін Балтыі няма палітычных зняволеных (хоць некаторых асуджаных за антыдзяржаўную дзейнасць і шпіянаж спрабуе прадставіць такімі расійская прапаганда) - а ў Беларусі іх колькасць у апошнія гады трымаецца на ўзроўні каля 1,5 тысячы. За сам факт крытыкі ўладаў у нашай краіне можна трапіць за краты - і гэта, напэўна, і сведчыць пра розніцу паміж дзяржавамі больш за ўсё.
Улады засакрэчваюць усё больш звестак пра Беларусь, а прапаганда маніпулюе лічбамі. «Люстэрка» збірае інфармацыю з розных крыніц і акуратна праводзіць разлікі. Мы хочам, каб вы разумелі, як насамрэч ідуць справы ў Беларусі і як сітуацыя выглядае на фоне іншых краін.
Падтрымайце рэдакцыю
Станьце патронам «Люстэрка» - журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.